СМІ: Украіна адмовіла ЗША ў двух пытаннях
39- 1.12.2025, 15:30
- 68,856
Мірны праект не ўзгоднены.
На перамовах украінскай і амерыканскай дэлегацый у Фларыдзе, якія адбыліся 30 лістапада, пакуль не ўдалося канчаткова ўзгадніць праект мірнага пагаднення, але бакі зрабілі крок наперад. Пра гэта «РБК-Украіна» паведаміла інфармаваная крыніца.
Суразмоўца выдання падкрэсліў, што «перамовы сфакусаваныя ўжо не столькі на рамцы, якая была ўзгодненая ў Жэневе, колькі на праблемных пытаннях, што засталіся».
«То-бок мы не кажам, што цяпер маем стовасоткавае разуменне фінальнага тэксту, але гэта быў яшчэ адзін крок наперад», — адзначыла крыніца.
Паводле ягоных слоў, амерыканскі бок разумее сваю галоўную задачу, якая палягае не ў тым, каб у нечым пераканаць Украіну, а ў тым, што «да якога б агульнага назоўніка яны ні прыйшлі з Украінай, застаецца расійскі бок, з якім ім яшчэ трэба працаваць».
Таксама, паводле слоў суразмоўцы «РБК-Украіна», шмат увагі надавалі пытанню тэрыторый. Пры гэтым амерыканцы, якія лічаць сябе медыятарамі ў працэсе, даносяць да Украіны пазіцыю РФ, якая патрабуе поўнага выхаду ўкраінскіх сіл з Данбаса.
Украінскі бок, паводле крыніцы, на сустрэчы абгрунтоўваў, чаму такі падыход немагчымы: у сілу канстытуцыйных абмежаванняў, меркавання грамадства, а таксама неадпаведнасці рэальнай сітуацыі. Таму пазіцыя Украіны застаецца нязменнай: дыскусія па тэрыторыях павінна пачынацца з бягучай лініі судакранання.
Таксама Украіна данесла амерыканцам сваю пазіцыю і адносна сяброўства ў НАТА. У прыватнасці, украінская дэлегацыя казала пра тое, што курс на сяброўства ў Альянсе замацаваны ў Канстытуцыі, і яго змяненне дзеля заключэння мірнага пагаднення з'яўляецца дрэнным прэцэдэнтам. Іншы агучаны аргумент — немагчымасць надаваць права вета на сяброўства любой краіны ў НАТА.
Нагадаем, 30 лістапада украінская і амерыканская дэлегацыі на сустрэчы ў Фларыдзе (ЗША) абмеркавалі план спынення вайны ва Украіне. Дзяржсакратар ЗША Марко Рубіо назваў перамовы «прадуктыўнымі», але падкрэсліў неабходнасць дыялогу з Расіяй. Украінскі бок ацаніў вынікі сустрэчы пазітыўна. Кіраўнік дэлегацыі Рустэм Умераў назваў сустрэчу паспяховай.