На вядомай карціне XVII стагоддзя выпадкова знайшлі загадкавую татуіроўку
4- 25.11.2025, 20:09
- 6,934
На палатне «Галоўныя камісары валонцаў» адлюстраваны мужчына з каметай
Амстэрдамскі музей паведаміў пра ўнікальную знаходку: на карціне XVII стагоддзя ўпершыню выявілі выяву татуіроўкі, што можа быць самым старажытным прыкладам татуіроўкі ў нідэрландскім мастацтве, піша NL Times.
На палатне «Галоўныя камісары валонцаў», датаваным прыкладна 1674 годам і прыпісаным Валеранту Вайлянту, адлюстраваны мужчына з каметай, вытатуіраванай на запясці — дэталь, што заставалася незаўважанай 351 год.

Карціна памерам 3×2 метры належыць музею з XIX стагоддзя і адлюстроўвае ўплывовых камісараў, якія кантралявалі амстэрдамскія порты. Татуіроўку заўважылі пасля таго, як палатно вярнулася з выставы ў музей H'Art. Пры дэтальным аглядзе стала ясна, што выява каметы ўваходзіць у арыгінальны пласт фарбы, а значыць, не з’яўляецца пазнейшым дадаткам.

Куратарка Амстэрдамскага музея Джудыт ван Гент устанавіла асобу мужчыны: гэта Вэсэль Смітс, заможны гандляр. Паводле архіўных звестак, ён ажаніўся ў 1644 годзе ва ўзросце 25 гадоў, што паказвае на нараджэнне ў 1618–1619 гадах — перыяд, калі на небе яскрава ззяла камета, верагодна вытатуіраваная на яго руцэ.

Ван Гент патлумачыла, што палатно доўгі час захоўвалася ў фондах або вісела занадта высока, каб разгледзець такія дэталі. На старых фатаздымках татуіроўка таксама не бачная.

Каметы ў XVII стагоддзі ўспрымаліся як дрэнныя прадвесткі вайны і эпідэмій. Аднак даследчыца лічыць, што Смітс не быў схільны да забабонаў: ён рос у інтэлектуальным асяроддзі, яго айчым уваходзіў у кола вучоных, а пісьменнік Якоб Кац, аўтар трактата пра тую самую камету, быў з сям’ёй Смітса ўскосна звязаны.