Марскі экспарт расійскай нафты абваліўся
- 19.11.2025, 22:07
- 3,056
Да мінімуму з пачатку года.
Марскія пастаўкі расійскай нафты ў перыяд з 10 па 16 лістапада знізіліся да 291 тыс. тон у суткі — мінімальнага ўзроўню з пачатку 2025 года. Як вынікае з агляду Цэнтра цэнавых індэксаў, зніжэнне адносна папярэдняга тыдня склала 12,7%. Асноўнае скарачэнне прыпала на порт Прыморск, дзе адгрузкі скараціліся больш чым на 70%. У Наварасійску ў сярэдзіне лістапада адгрузкі таксама прыпыняліся з-за інцыдэнту ў порце, перадае «Коммерсантъ».
Аналітыкі звязваюць падзенне экспарту з перабудовай лагістыкі пасля санкцый ЗША супраць ЛУКОЙЛа і «Раснафты». На фоне абмежаванняў найбольшыя пакупнікі расійскай сыравіны — Кітай і Індыя — павялічылі закупкі нафты з Блізкага Усходу і з Атлантычнага рэгіёна.
Адначасова растуць стаўкі фрахту: кошт перавозкі нафты з Наварасійска ў Заходнюю Індыю за тыдзень павялічыўся да $8,6 за барэль, а тарыфы на маршруты з Азоўска-Чарнаморскага басейна — да гадавых максімумаў. Удзельнікі рынку адзначаюць скарачэнне даступнага танажу, асабліва сярод грэчаскіх суднаўладальнікаў, якія традыцыйна перавозілі расійскую нафту.
Паводле ацэнак экспертаў, далейшая дынаміка экспарту будзе залежаць ад успрымання імпарцёрамі санкцыйных рызык. У той жа час высокія стаўкі фрахту могуць прыцягнуць дадатковых перавозчыкаў, уключаючы кампаніі з Грэцыі, Кітая і ААЭ.
Віцэ-прэм’ер Аляксандр Новак заявіў, што санкцыі ЗША не паўплывалі на здабычу: у лістападзе яна працягвае расці, а гадавы прагноз у 510 млн тон захоўваецца. Паводле яго слоў, дысконт на расійскую сыравіну будзе скарачацца па меры адаптацыі рынку.