7 снежня 2025, Нядзеля, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕС запускае «ваенны Шэнген»

2
ЕС запускае «ваенны Шэнген»

Новыя правілы для перамяшчэння войскаў па Еўропе.

Еўракамісія прадставіла ініцыятыву, якая павінна ператварыць Еўрасаюз у «ваенны Шэнген» і мадэрнізаваць абаронную прамысловасць, каб забяспечыць хуткае перамяшчэнне войскаў па Еўропе і ўмацаваць тэхналагічную перавагу ЕС у сферы бяспекі. Пра гэта 19 лістапада паведаміла прэс-служба Еўракамісіі.

У рэлізе гаворыцца пра намер ЕС да 2027 года стварыць адзіную зону ваеннай мабільнасці, якая дазволіць аператыўна перакідваць войскі, тэхніку і ўзбраенне між краінамі — членамі ЕС без бюракратычных затрымак. Упершыню на ўзроўні ЕС будуць уведзены гарманізаваныя правілы трансгранічнага ваеннага транспарту.

Згодна з прапановай, краіны — члены ЕС будуць мець тры дні, каб дазволіць транзіт салдат і тэхнікі па сваёй тэрыторыі (замест 45, устаноўленых цяпер). Гэтае рашэнне наблізіць Еўропу на адзін крок да «ваеннай шэнгенскай зоны», падкрэслілі ў ЕК.

Таксама прэс-служба ЕК паведаміла пра планы мадэрнізаваць транспартную інфраструктуру так, каб асноўныя калідоры былі прыстасаваныя да выкарыстання і для грамадзянскіх, і для ваенных патрэб. Гэта прадугледжвае ўзмацненне кіберабароны, энергетычнай бяспекі і ўсеагульнай устойлівасці ў мірны і ваенны час. ЕК таксама ініцыюе стварэнне лічбавай сістэмы абмену інфармацыяй пра ваенную мабільнасць і механізму салідарнасці паміж дзяржавамі — членамі ЕС.

Паралельна з гэтым ЕС запусціць дарожную карту трансфармацыі абароннай прамысловасці, каб паскорыць упроваджанне ў ваенную сферу штучнага інтэлекту, квантавых сістэм, дронаў і касмічных тэхналогій, якія змяняюць поле бою. Камісія імкнецца аб’яднаць тэхналагічную і абаронную супольнасці, падтрымаць інвестыцыі ў інавацыйныя кампаніі, пашырыць доступ да вытворчых магутнасцяў і развіваць навыкі, неабходныя для захавання тэхналагічнай перавагі Еўропы.

Гэтыя ініцыятывы сталі працягам Белай кнігі еўрапейскай абароны і плана «Пераўзбраенне Еўропы / Гатоўнасць 2030», адзначыла прэс-служба.

Еўракамісія прадставіць новы рэгламент па ваеннай мабільнасці Радзе і Еўрапарламенту для прыняцця паводле звычайнай заканадаўчай працэдуры, праінфармавала прэс-служба.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках