Кітай забароніць шэры экспарт сваіх аўтамабіляў у Расію
6- 19.11.2025, 18:43
- 6,534
Пекін зацвердзіў новыя правілы.
Толькі расіяне прывыклі да думкі пра падаражанне іншамарак з рухавікамі ад 160 к.с. праз адмену са снежня льготнага ўтылізацыйнага збору, як прыйшла новая бяда. Кітай з новага года перакрывае лазейкі для неафіцыйных паставак менш магутных аўтамабіляў, піша The Mosow Times.
Міністэрства гандлю Кітая 14 лістапада паведаміла, што разам з іншымі ведамствамі зацвердзіла новыя правілы экспарту аўтамабіляў з прабегам. Іх мэта — «строга кантраляваць экспарт новых аўтамабіляў пад выглядам патрыманых».
У такой схеме набыты ў Кітаі аўтамабіль хутка перапрадаецца на экспарт. Накіроўваюцца яны галоўным чынам у Расію, дзе дзякуючы эканоміі на мытах і гарантыях прадаюцца танней, чым іншамаркі, афіцыйна ўвезеныя дыстрыб'ютарамі. Гэтым займаюцца тысячы прадаўцоў, дапамагаючы вытворцам выконваць план продажаў, абураўся старшыня рады дырэктараў Great Wall Motors Вэй Цзяньцзюнь.
Новыя правілы павінны пакончыць з гэтым. З 1 студзеня 2026 г. аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Кітаі менш чым за 6 месяцаў да даты экспарту, можна будзе вывезці з краіны толькі пры наяўнасці пісьмовага пацвярджэння наяўнасці праграм гарантыйнага тэхнічнага абслугоўвання ў краіне прызначэння. Пры гэтым на пацвярджэнні павінна стаяць пячатка завода-вытворцы. Без такога дакумента экспартная ліцэнзія выдавацца не будзе.
Акрамя таго, дакумент уводзіць больш строгія патрабаванні да афармлення экспартнай ліцэнзіі — напрыклад, па абавязковым указанні даты выпуску аўтамабіля, а таксама скасоўвае перанос экспартных ліцэнзій на наступны год. Гэта значыць, што тым, хто не паспеў вывезці аўтамабіль з краіны ў гэтым годзе, у наступным давядзецца нанова афармляць на яго ліцэнзію.
Новыя правілы здольныя перакрыць увесь незалежны экспарт аўтамабіляў з Кітая ў абыход афіцыйных дыстрыб'ютараў, тлумачаць менеджары кампаній, што пастаўляюць аўтамабілі ў Расію. Амаль усе такія аўтамабілі цяпер афармляюцца на фізічных асоб, што дазваляе ўвозіць іх з льготным утылізацыйным зборам — 3,4 тыс. рублёў за аўтамабіль ва ўзросце да трох гадоў і 5,2 тыс. рублёў за аўтамабіль старэйшы. Мінімальны памер камерцыйнага збору, які плацяць афіцыйныя імпарцёры-юрыдычныя асобы, цяпер перавышае 667 тыс. рублёў (за аўтамабілі з рухавікамі ад 1 да 2 л).
Незалежны імпарт аўтамабіляў усіх узростаў з Кітая ў Расію ў гэтым годзе рэзка вырас, прычым у асноўным увазiліся свежыя аўтамабілі, ва ўзросце да пяці гадоў, і не толькі кітайскіх брэндаў, але і міжнародных — такіх, як BMW, Toyota, Volkswagen, — расказваў генеральны дырэктар аналітычнага агенцтва «Аўтастат» Сяргей Целікаў. Паводле даных «Аўтастата», за 10 месяцаў з Кітая было імпартавана 210 тыс. новых аўтамабіляў (такімі мытня лічыць машыны ва ўзросце да 3 гадоў). І каля трэці з іх увезлі фізасобы. На пачатку года іх доля ва ўвозе складала каля 12%, але затым яна пачала хутка расці і ў кастрычніку дасягнула 50%. Несумленныя імпарцёры знайшлі лазейку ў выглядзе ўвозу на фізасоб, якая дазваляе ім эканоміць на падатках і зборах, абураўся Мінпрамтарг.
З 1 снежня Расія перакрые яе для магутных аўтамабіляў. Пры ўвозе іншамарак з рухавікамі ад 160 к.с. фізасобам давядзецца плаціць камерцыйны ўтылізацыйны збор, які да таго ж павялічыцца за кошт каэфіцыента па магутнасці. У выніку мінімальны плацеж за такі аўтамабіль перавысіць 800 тыс. рублёў.
Кітайцы наносяць расійскім пакупнікам удар з іншага боку. «Яны, відаць, робяць немагчымым “танны” імпарт аўтамабіляў да 160 к.с.», — разважае ўладальнік кампаніі па гандлі іншамаркамі. Паводле яго ацэнак, у гэтым годзе з Кітая альтэрнатыўным імпартам у асноўным увазiліся магутныя аўтамабілі, а аўтамабіляў з рухавікамі да 160 к.с. — да 5000 штук у месяц, але пасля павышэння ўтылізацыйнага збору незалежныя імпарцёры адразу пераключыліся б на малалітражкі.
У Кітаі ёсць з чаго выбіраць — напрыклад, там на сумесных прадпрыемствах вырабляюцца Volkswagen Jetta і Toyota Corolla, якія, паводле даных «Аўтастата», сёлета лідзіруюць па аб'ёме ўвозу фізасобамі сярод леварульных іншамарак з рухавікамі да 160 к.с. Калі Кітай зацвердзіць новыя правілы экспарту, такой магчымасці для манеўру не будзе, адзначае гандляр іншамаркамі: «Дык давядзецца расіянам ісці або па Lada, або да кітайскіх “афіцыялаў” і пераплачваць ім як мінімум каля 1 млн рублёў».
Праўда, да 19 лістапада паведамленне знікла з сайта кітайскага Мінгандлю — цяпер адкрываецца толькі яго копія, захаваная пошукавымі рэсурсамі. Гэта можа азначаць, што дакумент адкліканы для дапрацоўкі, разважае супрацоўнік кампаніі-дыстрыб'ютара буйнога кітайскага аўтаканцэрна. Ён не сумняваецца, што ўмовы экспарту аўтамабіляў з Кітая ў бліжэйшы час стануць больш жорсткімі: вакол «нулявога кіламетра» вялікі скандал, і кітайскія ўлады абвяшчалі пра намер зрабіць гэта, каб падтрымаць свае аўтаканцэрны і іх афіцыйных дыстрыб'ютараў.