Адзін з дамоў у цэнтры Віцебска захапілі пацукі
7- 19.11.2025, 17:47
- 4,398
Камунальныя службы ігнаруюць звароты жыхароў.
У жыхароў дома № 7/1 на вуліцы Чкалава ў Віцебску ўзнікла сур'ёзная праблема: пасля пачатку капітальнага рамонту з падвала пачалі масава выпаўзаць пацукі, паведамляе BGMedia.
Людзі кажуць, што грызуны лезуць у кватэры праз унітаз, трапляюць у вокны і на балконы, бегаюць па правадах у пад'ездах, і цяпер многія нават баяцца выходзіць на балкон. У смеццеправодзе, паводле слоў адной жанчыны, «піск такі, быццам іх там тысячы».
Паводле жыхароў, рабочыя, адкрыўшы падвал, таксама сутыкнуліся са сотнямі пацукоў і тараканаў і прызнаюць, што працаваць там немагчыма.
Жыхары абураюцца, што камунальныя службы не вырашаюць праблему, а скаргі ў службу 115 выніку не даюць. У доме гнілы смеццеправод на першых паверхах, аварыйны пад'езд, і людзі не разумеюць, чаму пры капітальным рамонце робяць толькі фасад, а не ліквідуюць больш важныя праблемы.
Сітуацыя выклікала вялікі рэзананс у сацсетках. Людзі дзяляцца абурэннем і кажуць, што праблема не абмяжоўваецца толькі гэтым домам — падобнае адбываецца і ў іншых частках Віцебска. Некаторыя прапануюць звяртацца ў санстанцыю, а іншыя лічаць, што праблема ўзнікла таму, што раней камунальнікі пазбавіліся вулічных катоў, якія стрымлівалі колькасць пацукоў.
Шмат хто ўпэўнены: пакуль не здарыцца сур'ёзная аварыя або трагедыя, улады не звярнуць увагі. Жыхары патрабуюць комплекснай дэзынсекцыі і дэратызацыі, рамонту камунікацый і рэальнага рэагавання службаў.
Пацукі запаланілі дом у цэнтры Віцебска пасля капрамонту. Жыхары баяцца выходзіць на балконы і патрабуюць рэакцыі камунальных службаў.