Германія пачала рыхтавацца да баёў у Берліне
9- 19.11.2025, 15:59
- 6,250
З-за пагрозы нападу Расіі.
Батальён аховы Бундэсвера правёў начныя тактычныя вучэнні ў берлінскім метро на фоне папярэджанняў міністра абароны Германіі Барыса Пісторыюса пра тое, што пагроза нападу Расіі можа рэалізавацца раней, чым меркавалася ў папярэдніх прагнозах. Як паведамляе Der Tagesspiegel, падчас тыднёвых манеўраў салдаты адпрацавалі дзеянні па абароне федэральнага ўрада, вядзенне бою з умовнымі дыверсантамі, эвакуацыю параненых і працу ў ўмовах абмежаванай бачнасці.
Падпалкоўнік Майк Тайхгрэбер, камандзір батальёна, растлумачыў, што мэта вучэнняў — адпрацоўка дзеянняў пры «найгоршым сцэнары» развіцця падзей. Афіцэр дадаў, што падобныя вучэнні праходзяць другі год запар, а метрапалітэн быў абраны для трэнаванняў як рэалістычная лакацыя, бо ў крызіснай сітуацыі тунэлі могуць выкарыстоўвацца для перакідкі вайсковых падраздзяленняў.
17 лістапада Барыс Пісторыюс заявіў, што расійская армія можа аднавіць наступальны патэнцыял для нападу на краіны НАТА не да 2029 года, як меркавалася раней, а ўжо да 2028-га. Пры гэтым, паводле яго слоў, некаторыя ваенныя эксперты лічаць, што для Еўропы «было апошняе мірнае лета». Міністр прызнаў, што ўсведамленне пагрозы з боку Расіі прыйшло занадта позна — у 2022 годзе, пасля пачатку ўварвання ва Украіну. Аднак ён падкрэсліў, што ў НАТА захоўваецца істотны патэнцыял стрымлівання, уключаючы ядзерны, а ўзброеныя сілы Еўропы застаюцца баяздольнымі і патрабуюць толькі дадатковага аснашчэння.
Пра магчымасць раптоўнай атакі Расіі раней казаў і кіраўнік Аб’яднанага аператыўнага камандавання Германіі генерал-лейтэнант Аляксандр Зольфранк. Ён адзначаў, што рашэнне Масквы будзе залежаць ад ваеннай магутнасці РФ, баявога досведу і рэакцыі заходніх саюзнікаў. Паводле яго слоў, нягледзячы на няўдачы ва Украіне, Расія валодае дастатковым паркам асноўных баявых танкаў, магутнымі ВПС, некалькімі гатовымі да бою флотамі і ядзернай зброяй.
Падобныя ацэнкі гучаць і з боку еўрапейскіх спецслужбаў і ваеннага кіраўніцтва. Улетку кіраўнік нямецкай разведкі BND папярэджваў пра рызыку расійскай правакацыі ў краінах Балтыі па сцэнары анексіі Крыму, а ў лютым дацкая разведка заяўляла, што Расія здольная пачаць маштабную вайну ў Еўропе на працягу пяці гадоў. Генеральны сакратар НАТА Марк Рютэ ў чэрвені падтрымаў гэтыя высновы, адзначыўшы верагоднасць атакі ў той жа тэрмін. Начальнік Генштаба Францыі генерал Фаб’ен Мандон у кастрычніку казаў пра неабходнасць рыхтавацца да сутыкнення з Расіяй у бліжэйшыя 3–4 гады.