Bloomberg: Нафтавую імперыю «Лукойла» падзеляць арабскія шэйхі і амерыканскія энергагіганты
5- 19.11.2025, 15:08
- 3,426
Трамп хоча абмежаваць кола патэнцыйных удзельнікаў здзелкі.
«Лукойл» пабудаваў паспяховы міжнародны нафтавы бізнес, які цяпер распадаецца з-за вайны, якую Уладзімір Пуцін развязаў ва Украіне. Магчымасць куплі актываў расійскага гіганта разглядаюць кампаніі з розных краін, але ў Вашынгтоне аддаюць перавагу, каб іх набыла амерыканская кампанія.
Сярод тых, хто цікавіцца актывамі «Лукойла», — Abu Dhabi National Oil Co. (ADNOC) з ААЭ, а таксама Exxon Mobil і Chevron, дзве найбуйнейшыя нафтагазавыя кампаніі ЗША, і амерыканскі фонд прамых інвестыцый Carlyle Group, расказалі Bloomberg людзі, знаёмыя з сітуацыяй. Вашынгтон падоўжыў тэрмін дзеяння ліцэнзіі на продаж замежных актываў «Лукойла» з 21 лістапада да 13 снежня.
Праблема ў тым, што, паводле слоў адной з крыніц Bloomberg, расійская кампанія аддае перавагу прадаць іх адным пакетам (таму для яе найбольш пажаданым варыянтам была здзелка з нафтавым трэйдарам Gunvor, але ЗША адразу адмовіліся яе ўхваляць, назваўшы Gunvor «марыянеткай Крамля»). А патэнцыйныя пакупнікі цікавяцца набыццём асобных актываў, якія найбольш выгадным чынам дапоўняць іх партфелі, бо «Лукойл» валодае рознымі відамі бізнесу ў многіх рэгіёнах свету — ад нафтаздабычы і перапрацоўкі да АЗС і захоўвання авіяпаліва.
Адзін з варыянтаў вырашэння гэтай праблемы — правядзенне здзелкі ў два этапы, піша Bloomberg: спачатку адзін пакупнік — напрыклад, фінансавая кампанія — набудзе ўсе актывы, а затым паступова перапрадасць іх па частках прафільным пакупнікам.
Ключавы момант палягае ў тым, што адміністрацыя Дональда Трампа аддала б перавагу, каб актывы «Лукойла» набыла амерыканская кампанія, расказалі агенцтву асведамленыя крыніцы. Гэта можа абмежаваць кола патэнцыйных удзельнікаў здзелкі. Міністэрства фінансаў ЗША не адказала на запыт аб каментары.
Exxon Mobil разглядае варыянты набыцця актываў «Лукойла» ў Казахстане, дзе абедзве кампаніі маюць долі ў радовішчах «Карачаганак» і «Тэнгіз», паведамляе Reuters. Таксама, паводле звестак агенцтва, найбуйнейшую амерыканскую нафтагазавую кампанію можа цікавіць ірацкае радовішча «Заходняя Курна – 2», найкаштоўнейшы актыў «Лукойла». Exxon Mobil знаёмая з мясцовымі ўмовамі працы: яна доўгі час была аператарам суседняга праекта «Заходняя Курна – 1», перш чым выйшла з яго летась.
Іншая амерыканская кампанія, Chevron, якая таксама працуе ў Казахстане, таксама прыглядаецца да бізнесу «Лукойла» ў гэтай краіне, паводле дадзеных Reuters.
Яе можа зацікавіць і «Заходняя Курна – 2», адно з найбуйнейшых нафтавых радовішчаў у свеце, дзе доля «Лукойла» складае 75%. Chevron да нядаўняга часу не вяла значных работ у Іраку, але пачала нарошчваць там сваю актыўнасць, падпісаўшы ў жніўні 2025 года пагадненні на распрацоўку нафтавых радовішчаў Nassiriya і Balad.
Exxon і Chevron вывучаюць магчымасць набыцця долі «Лукойла» ў «Заходняй Курне – 2», сказалі дзве крыніцы Bloomberg.
Тым часам эмірацкая ADNOC аналізуе розныя актывы «Лукойла», пры гэтым, на думку крыніц агенцтва, найбольшую цікавасць для яе ўяўляюць газавыя актывы расійскай кампаніі ў Узбекістане.