Польшча ў сувязі з дыверсіямі на чыгунцы папрасіла дапамогі ў ЗША
4- 19.11.2025, 10:08
- 4,860
Сабатаж патрабуе рашучага адказу.
Польшча ў сувязі з дыверсіямі на чыгунцы папрасіла дапамогі ў ЗША. Пра гэта паведамляе RMF FM.
Крыніцы выдання пацвердзілі, што польскія і амерыканскія службы абмяркоўвалі падзеі ў Польшчы. Цяпер у расследаванне аб дыверсіях, сярод іншага, уцягнута Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША (NSA), якое адказвае за электронную выведку і бяспеку камунікацый Злучаных Штатаў.
«Аднак не толькі гэтае агенцтва застаецца ў кантакце з Польшчай. Старшыня камітэта Сената ЗША па ўзброеных сілах Роджэр Уікер заявіў, што гэты сабатаж патрабуе рашучага адказу таксама і з боку Злучаных Штатаў», — піша выданне.
Нагадаем, 17 лістапада прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што на чыгуначнай лініі Варшава — Люблін каля пасёлка Міка адбыўся акт дыверсіі: выбуховая прылада здэтанавала і разбурыла чыгуначнае палатно.
Увечары 17 лістапада кіраўнік МУС Польшчы Марцін Кервіньскі пацвердзіў словы прэм’ера.
«Эксперты адназначна пацвердзілі падрыў», — паведаміў ён.
Міністр юстыцыі Польшчы Вальдэмар Журэк паведаміў, што Мазавецкае аддзяленне Нацыянальнай пракуратуры ўжо пачало афіцыйнае расследаванне па факце дыверсіі.
Заўважым, гэта чыгуначная лінія злучае Варшаву і Жэшув — галоўны лагістычны хаб, праз які заходняя зброя паступае ва Украіну.
18 лістапада прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што польскія спецслужбы ўстанавілі асобы людзей, падазраваных у датычнасці да дыверсій на чыгунцы. Гэта двое грамадзян Украіны, якія прыбылі ў краіну з Беларусі і маглі быць завербаваныя расійскай выведкай. Паводле слоў прэм’ера, здзейсніўшы дыверсію на чыгунцы, абодва пакінулі тэрыторыю Польшчы і вярнуліся ў Беларусь праз памежны пераход у Цераспалі.