Axios: ЗША таемна распрацоўваюць новы план па спыненні вайны ва Украіне
10- 19.11.2025, 8:38
- 16,380
У ім 28 пунктаў.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа таемна кансультуецца з уладамі РФ падчас распрацоўкі новага плана па спыненні вайны ва Украіне.
Пра гэта паведаміла выданне Axios са спасылкай на афіцыйных асоб ЗША і Расіі. Выданне адзначыла, што ў плане ЗША 28 пунктаў, і высокапастаўлены расійскі чыноўнік заявіў, што з аптымізмам глядзіць на яго.
Крыніцы Axios паведамілі, што 28 пунктаў плана можна падзяліць на 4 катэгорыі: мір ва Украіне, гарантыі бяспекі, бяспека ў Еўропе і будучыя адносіны ЗША з РФ і Украінай.
Пры гэтым невядома, як план вырашыць такія пытанні, як тэрытарыяльны кантроль на Данбасе.
Паводле звестак выдання, распрацоўкай плана кіруе спецпрадстаўнік Трампа Стыў Уіткоф, які дэталёва абмеркаваў яго з паслом РФ Кірылам Дзмітрыевым, паведаміў амерыканскі чыноўнік.
Сам Дзмітрыеў распавёў выданню, што правёў тры дні ў Маямі, размаўляючы з Уіткофам і іншымі членамі каманды Трампа. Пры гэтым расійскі чыноўнік выказаў аптымізм адносна шанцаў на поспех плана.
«Мы адчуваем, што расійская пазіцыя сапраўды пачута», — пракаментаваў ён.
Уіткоф абмеркаваў план з дарадцам Зяленскага па нацбяспецы Рустэмам Умеравым на сустрэчы ў пачатку гэтага тыдня ў Маямі, пацвердзіў Axios украінскі чыноўнік. «Мы ведаем, што амерыканцы над нечым працуюць», — сказаў украінскі чыноўнік.
«Прэзідэнт ясна даў зразумець, што пара спыніць забойствы і заключыць пагадненне аб спыненні вайны. Трамп лічыць, што ёсць шанец пакласці канец гэтай бессэнсоўнай вайне, калі праявіць гнуткасць», — заявіў выданню прадстаўнік Белага дому.
Таксама Дзмітрыеў паведаміў Axios, што асноўная ідэя палягала ў тым, каб узяць прынцыпы, узгодненыя Трампам і расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным на Алясцы ў жніўні, і падрыхтаваць прапанову «па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту, а таксама па аднаўленні расійска-амерыканскіх адносін [і] вырашэнні праблем бяспекі Расіі».
Паводле Дзмітрыева, мэта — падрыхтаваць пісьмовы дакумент па гэтым пытанні да наступнай сустрэчы Трампа і Пуціна.
Дзмітрыеў заявіў, што гэтыя намаганні ніяк не звязаныя са спробай Вялікабрытаніі распрацаваць мірны план для Украіны, які, паводле яго слоў, не мае шанцаў на поспех, паколькі ігнаруе пазіцыю РФ.
Расійскі прадстаўнік заявіў, што амерыканскі бок цяпер тлумачыць украінцам і еўрапейцам «перавагі» свайго цяперашняга падыходу.
«Гэта адбываецца на фоне таго, што Расія, безумоўна, дасягнула новых поспехаў на полі бою», — сказаў ён.
Амерыканскі чыноўнік пацвердзіў, што Белы дом пачаў інфармаваць еўрапейскіх і ўкраінскіх чыноўнікаў аб новым плане.
Ён заявіў, што Белы дом лічыць рэальным шанец прыцягнуць украінцаў і еўрапейцаў на свой бок і што план будзе адаптаваны з улікам прапаноў усіх бакоў.
«Мы лічым, што цяпер самы прыдатны час для гэтага плана. Але абодва бакі павінны быць практычнымі і рэалістычнымі», — сказаў амерыканскі чыноўнік.