МЗС Украіны аб дыверсіях у Польшчы: Іх крыніца — Расія
- 18.11.2025, 21:03
- 2,614
Крэмль вядзе поўнамаштабную гібрыдную вайну супраць Еўропы.
У Міністэрстве замежных спраў Украіны адрэагавалі на абнародаваныя польскімі спецслужбамі высновы аб устанаўленні двух грамадзян Украіны, падазраваных у здзяйсненні пад кіраўніцтвам спецслужбаў РФ дыверсійных дзеянняў на чыгунцы.
Украінскім міністэрстве адзначылі, што Украіна рашуча асуджае такія дыверсіі, аднак звярнулі ўвагу: РФ наўмысна вербуе людзей з пашпартам грамадзяніна Украіны для гібрыдных атак, дыверсій і злачынстваў, накіраваных на дэстабілізацыю.
— Расія спрабуе перакласці віну за свае злачынствы на ўкраінцаў. Але мы перакананыя, што партнёры Украіны выдатна разумеюць, што крыніцай такіх дыверсій з'яўляецца менавіта РФ, — адзначылі ў ведамстве.
Падзеі ў Польшчы, падкрэслілі ў МЗС Украіны, чарговы раз пацвярджаюць, што адначасова з захопніцкай вайной супраць Украіны Расія вядзе поўнамаштабную гібрыдную вайну супраць Еўропы, спрабуючы разбіць адзінства партнёраў у дапамозе Украіне.
— Пацвярджаем сваю гатоўнасць аказваць усю неабходную дапамогу польскім кампетэнтным органам і адпаведным службам нашых саюзнікаў для ўстанаўлення ўсіх абставінаў інцыдэнту, прыцягнення вінаватых да адказнасці і фармавання сумеснага прэвентыўнага механізму для супрацьдзеяння такім злачынным дзеянням у будучыні, — заявілі ў МЗС.
Украіна настроеная на далейшую цесную каардынацыю з Польшчай і іншымі дзяржавамі-саюзнікамі ў супрацьдзеянні расійскай гібрыднай агрэсіі і ўмацаванні агульнай бяспекі, дадалі ў міністэрстве.