Беларусаў перад павышэннем пачнуць правяраць на спецыяльным апараце
8- 18.11.2025, 17:43
- 11,236
Лукашэнка, хутчэй за ўсё, праверку не прайшоў бы.
У дзяржаўнай арганізацыі «Белэнерга» прыдумалі новы спосаб праверкі прафесійных якасцяў сваіх супрацоўнікаў.
Спецыялісты вучэбнага цэнтра пачалі праводзіць для работнікаў тэставанне на псіхафізіялагічным дыягнастычным комплексе ROZOOM.

Лічыцца, што гэты апарат усяго за паўгадзіны можа скласці нешта кшталту карты здароўя псіхікі і арганізма чалавека.
Камплекс можа ацаніць агульны фізічны стан і рэсурс арганізма, а таксама стабільнасць нервовай сістэмы.
Акрамя таго, вынікі тэсту даюць псіхалагічны партрэт чалавека: яго здольнасці да канцэнтрацыі ўвагі, адаптацыі і стрэсаўстойлівасці.

У «Белэнерга» падкрэслілі, што тэставанне не з'яўляецца медыцынскім абследаваннем. Хутчэй, гэта дакладная дыягностыка ключавых рэсурсаў чалавека.
Патэнцыял прылады збіраюцца выкарыстоўваць у тым ліку для ацэнкі кандыдатаў на кіраўнічыя пасады.

«Гэта інавацыйны і аб'ектыўны падыход, які дазваляе зразумець, ці гатовы спецыяліст да павышанай адказнасці, і дапамагчы яму развіць свае моцныя бакі», – адзначылі ў арганізацыі.
Ці магчыма, што падобнае тэставанне будзе ўводзіцца і на іншых дзяржаўных прадпрыемствах, у «Белэнерга» не ўдакладнілі.