Падазраваныя ў падрыве чыгункі прыбылі ў Польшчу з Беларусі
30- 18.11.2025, 17:37
- 29,448
Яны — грамадзяне Украіны.
У падрыве чыгуначнай дарогі, што вядзе з Польшчы ва Украіну, падазраюцца «грамадзянін Украіны» і «жыхар Данбаса». Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, паведамляе Polsat News.
Адзін — «грамадзянін Украіны», якога асудзілі ў Львове ў маі 2025 года, — сказаў Туск. Гэты падазраваны пражываў у Беларусі. Другі — «жыхар Данбаса», які «таксама перайшоў мяжу з Беларуссю ў Польшчу разам з першым падазраваным восенню гэтага года, непасрэдна перад атакамі».
Прэм'ер Польшчы заявіў, што падазраваныя выканалі ўказанні Масквы і пакінулі Польшчу праз мяжу з Беларуссю.
Нагадаем, у Польшчы невядомыя пашкодзілі ўчастак чыгункі. Інцыдэнт адбыўся на лініі Варшава — Люблін у нядзелю, 16 лістапада. Паводле інфармацыі праекта Dyspozytura Trakcji (спецыялізуецца на навінах чыгункі), раніцай нядзелі машыніст цягніка, які ехаў па ўчастку Варшава — Дэмблін у раёне пасёлка Жэлчын, паведаміў дыспетчарам пра пашкоджанне чыгуначнага палатна. Паводле папярэдняй версіі, шляхі былі пашкоджаныя ў выніку выбуху — было разбурана каля аднаго метра рэйкаў.