Таянне лёду ў Нарвегіі адкрыла ўнікальную сістэму палявання на аленяў узростам 1500 гадоў
9- 17.11.2025, 20:41
- 5,884
Як выглядалі пасткі VI стагоддзя.
У Нарвегіі археолагі выявілі ўнікальную знаходку — добра захаваную сістэму для масавага палявання на паўночных аленяў, якой прыблізна 1500 гадоў.
Гэта адкрыццё стала магчымым праз таянне ледавікоў і яго ўжо называюць адным з найважнейшых у Нарвегіі ў 2025 годзе, перадае New Voice.

Сістэму пастак упершыню заўважылі ў 2024 годзе. Гісторыя адкрыцця пачалася з мясцовага турыста Хельге Тытланда, які даўно дакументуе старажытныя паляўнічыя мясціны ў рэгіёне. Менавіта ён заўважыў выразаныя драўляныя элементы, што выступалі з-пад лёду, і паведаміў пра гэта археолагам. У наступным годзе каманда вярнулася на месца разам з Тытландам і выявіла яшчэ больш дэталяў канструкцыі, што дазволіла ацаніць яе маштаб.
Найлепш захаваная частка складаецца з двух драўляных загарод, якія сходзяцца да вялікага загону, збудаванага з масіўных бервёнаў. Менавіта там аленяў заганялі і забівалі. Гэта вялікая драўляная канструкцыя для палявання.
Побач археолагі знайшлі сотні рагоў аленяў са слядамі апрацоўкі, што пацвярджае выкарыстанне месца для масавага палявання. Па ацэнках даследчыкаў, збудаванне датуецца прыкладна сярэдзінай VI стагоддзя нашай эры. Тады кліматычныя ўмовы рэзка змяніліся, і канструкцыя апынулася пад пластом снегу і лёду, які захаваў яе на стагоддзі.
Акрамя самой пасткі, каманда знайшла такія артэфакты, як жалезныя наканечнікі кап'яў, фрагменты лукаў і стрэл, а таксама вытанчана выразаныя драўляныя прадметы, функцыю якіх яшчэ вывучаюць. Сярод самых цікавых знаходак — некалькі арнаментаваных драўляных вёслаў, прызначэнне якіх застаецца загадкай. Таксама знайшлі прыгожа вырабленую шпільку з рога, якую, верагодна, згубіў адзін з паляўнічых.