7 снежня 2025, Нядзеля, 8:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пасля Беларусі гэта быў проста рай»

1
«Пасля Беларусі гэта быў проста рай»

Досвед беларусаў, якія лечыліся ў Грузіі.

Беларусы, што жывуць у Грузіі, падзяліліся сваім досведам карыстання медыцынскім страхаваннем. Ці лёгка трапіць да доктара, колькі каштуюць платныя прыёмы, ці проста выклікаць хуткую дапамогу і як карта ўцекача дае доступ да бясплатнай медыцыны, распавядае «Белсат».

«Цяпер усе прэтэнзіі да Грузіі адпалі, у параўнанні з Польшчай там усё працуе ідэальна»

Алена з дачкой пражыла ў Грузіі тры гады, у 2024 годзе пераехала ў Польшчу, бо Грузія не выдае беларусам міжнародную абарону. Але па грузінскай медыцыне яна і цяпер сумуе.

Там няма бясплатнай медыцыны для замежнікаў, але калі ёсць страхоўка, за многае проста не даводзіцца плаціць. Медыцынскіх цэнтраў мноства, як і рускамоўных лекараў з Украіны, Расіі, Беларусі.

«Я ў Грузіі аформіла сабе страхоўку кампаніі GPI. Не самы круты прэміум-пакет каштаваў 840 лары на чалавека ў год (гэта 311 долараў па цяперашнім курсе). Гэты пакет уключаў шмат усяго, у тым ліку неадкладную дапамогу і гаспіталізацыю. Мы шмат разоў з дзіцем траплялі ў бальніцу, праводзілі там па некалькі дзён і ў выніку нічога не плацілі», — кажа наша суразмоўніца.

Таксама ў пакеце — неабмежаваны бясплатны доступ да сямейнага доктара і педыятра, астатняе — са зніжкай 90% (вялікі спіс аналізаў, розныя УГД, рэнтгены, МРТ).

Усё вельмі даступна і хутка. На МРТ, напрыклад, мяне запісвалі праз дзень, і я заплаціла за яго 25 лары (крыху менш за 10 долараў) — 10% ад поўнага кошту. Ёсць, вядома, аналізы, якія не ўваходзяць у пакет, але гэта складаныя рэчы, кшталту генетычных даследаванняў.

Паводле жанчыны, грузінская хуткая дапамога таксама працуе добра.

«Мяне ўразіла і работа хуткай. Да дзіцяці даводзілася тройчы выклікаць хуткую — ні разу не адмовілі. Нават калі была тэмпература, што не збівалася, нас не адправілі самастойна ехаць у бальніцу. Калі лекар збіваў тэмпературу, ён пасля яшчэ сядзеў і кантраляваў пасля ўколу, каб тэмпература сапраўды пачала зніжацца. Таксама спадабалася, што ў дзіцячай бальніцы бацькі могуць быць з дзецьмі ў любым узросце, не так, як у Беларусі — з 5 гадоў ляжы адзін. Увогуле ўвесь персанал вельмі чалавечны, вельмі любяць дзяцей. Пасля Беларусі гэта быў проста рай!»

Пры гэтым адзіны выпадак, калі беларуска засталася незадаволеная мясцовай медыцынай, таксама быў звязаны з гаспіталізацыямі дачкі.

«Лекарка ў дзіцячай бальніцы праглядзела ў дзіцяці скарлатыну. Калі я настойвала, што гэта менавіта яна, лекарка пераконвала мяне, што сімптомаў недастаткова. У выніку яна выпісала нас і спыніла курс антыбіётыкаў, чаго ні ў якім разе нельга было рабіць. Урэшце, дзякуючы шэрагу іншых аналізаў высветлілася, што ўсё ж такі дачка перанесла скарлатыну», — успамінае жанчына.

Аднойчы Алена самастойна прыйшла ў аддзяленне хуткай дапамогі, калі ў яе раптам здарыўся прыступ галавакружэння, — яе прынялі «імгненна».

«Мяне прынялі імгненна і адразу паклалі на кушэтку, не дазвалялі ўставаць. Да мяне падкатылі ЭКГ, УГД, лежачы ўзялі ўсе аналізы, потым павялі на КТ і настойвалі, каб я села ў каляску, але я магла ісці сама. Усе аналізы і КТ былі гатовыя на працягу паўгадзіны. І ўсё гэта ўвайшло ў страхоўку».

Тэарэтычна можна жыць у краіне і без страхоўкі, проста плаціць за візіты да патрэбных лекараў, але гэта рызыкоўны варыянт і ў ім няшмат сэнсу: цэны на страхоўку невысокія, у адрозненне ад коштаў хуткай або бальніцы для людзей без страхавання.

«Без страхоўкі ўсё таксама вельмі хутка і даступна. Аднойчы ў медцэнтры, на які мая страхоўка не распаўсюджвалася, прымаў вядомы ўкраінскі мамолаг, якога параіла сяброўка. Я аплаціла візіт і трапіла да яго літаральна ў тую ж хвіліну. Пры гэтым доктар сам зрабіў УГД, і ўсё гэта каштавала каля 100 долараў. Частку гэтых грошай можна было вярнуць: калі ідзеш не ў клініку, з якой мае дамову страховая кампанія, але ёсць накіраванне, то можна вярнуць сабе 40–60% ад кошту прыёму. Але трэба ўзяць спецыяльную форму ў доктара, паехаць з ёй у страхавую, пасля гэтыя грошы мусяць перавесці на рахунак. Я гэтага не рабіла, бо было шкада часу».

На думку Алены, грузінская медыцынская сістэма магла б стаць сусветна вядомым напрамкам медыцынскага турызму, калі б гэта развівалі.

«Я сутыкалася з крытыкай мясцовай медыцыны, але не згодная наконт нібыта нізкага ўзроўню. Напрыклад, у 2021 годзе, калі ў Беларусі яшчэ толькі ўводзілі ў некаторых медцэнтрах за вялікія грошы вадкасную цыталогію, у Батумі яна была проста ў стандарце абслугоўвання ў той клініцы, куды я прыйшла да гінеколага. Абсталяванне паўсюль сучаснае, складаныя аналізы адпраўляюць у Германію. На мой погляд, грузінская лекацкая сістэма — проста топ. І калі б яны далей укладваліся ў яе, маглі б у гэтым напрамку развіваць турызм», — кажа Алена.

«Лячыць зубы пакетам у Турцыі ўсё ж танней»

Віктар жыве ў Грузіі і мае прыватную страхоўку «на ўсякі выпадак», але з мясцовай медыцынай сутыкаўся пакуль толькі з-за стаматалогіі.

«Ведаю, што для грамадзян ёсць бясплатныя дзяржаўныя страхоўкі, але пра дэталі не скажу. Для замежнікаў такой страхоўкі няма, таму многія беларусы вельмі шкадавалі, калі траплялі ў непрыемныя сітуацыі і потым збіралі грошы, каб аплаціць аперацыю і знаходжанне ў бальніцы. Я не стаў рызыкаваць і купіў страхоўку», — кажа Віктар.

Паводле яго, у краіне ёсць нядоргія пакеты медстрахавання — таннейшыя за 100 долараў у год. У яго пакеце страхавання ёсць зніжка 20% на стаматалогію, якой ён шмат разоў карыстаўся, бо мае вялікія праблемы менавіта з зубамі.

«Зніжка распаўсюджваецца, у тым ліку, і на імпланты, а калі лячыцца ў партнёрскай клініцы, дык увогуле пэўную колькасць зубоў можна вылечыць бясплатна. За імплант я плаціў 300–500 долараў, за каронку — 100–300 долараў, за лячэнне каналаў — 150 долараў за зуб. Але калі вы ўжо сабраліся з Польшчы да грузінскіх стаматолагаў, скажу так: у Турцыі пакет з пражываннем і трансферам абыдзецца танней».

З лячэннем зубоў у Віктара досвед быў розны, уключна з непрыемным, калі давялося выпраўляць сітуацыю ў іншай клініцы.

«Запісацца проста, не трэба доўга чакаць. Можна загадзя выслаць ім здымкі, і яны распішуць план лячэння і цэны. Лекары найчасцей прафесіяналы, а пастаўленыя часовыя каронкі за год не паламаліся і не адваліліся, хоць лічыцца, што яны могуць стаяць максімум паўгода. Але аднойчы ў мяне ўзнік альвеаліт пасля выдалення і імплантацыі: я жыў на антыбіётыках і абязбольвальных, пакуль мой доктар кудысьці з’ехаў, а медсёстры казалі: «Усё добра, так і павінна быць». У выніку імплант пачаў хістацца, і я пайшоў у іншую клініку, дзе яго ставілі нанова», — успамінае малады чалавек.

Але для мясцовых цэны на прыватныя медстрахоўкі — раскоша, таму большасць людзей карыстаецца опцыямі дзяржаўнай медыцыны, якую ў кожнай краіне можна пазнаць па чэргах і не надта дабразычлівых лекарах.

«Але ўся гэтая раскоша ў медыцыне Грузіі даступная пераважна замежнікам. У звычайных мясцовых работнікаў, а тым больш у пенсіянераў, проста няма на гэта грошай», — кажа беларус.

«Лекары доўга глядзелі на гэтую карту і не ведалі, што рабіць — яны з такой раней не сутыкаліся»

Арына з мужам і дзіцем жывуць у Грузіі пяць гадоў. Сям’я прызнаецца, што амаль увесь час жыла без страхоўкі, па прынцыпе «нешта непакоіць — ідзём да доктара платна»:

«Мы трошкі безадказная сям’я, бо за ўсе гэтыя гады ў нас так і не з’явілася страхоўка, але і мы не тое каб вельмі часта хадзілі па лекарах у Беларусі. У мяне мастапатыя, якую трэба назіраць, рабіць УГД кожныя паўгода, таму я знайшла дзяржаўны медцэнтр і хадзіла туды платна як замежніца. Цэны больш-менш адэкватныя (за УГД 70 лары — каля 25 долараў). Калі трэба здаць якіясьці яшчэ аналізы, то я таксама здаю платна. У сына ёсць дзяржаўная клініка, там даведку ў школу ці нейкія іншыя пытанні можна вырашыць таксама платна».

Паводле Арыны, лекары, як і ўсюды, зусім розныя. Бывалі і суперпрафесіяналы, а бывалі і «зусім цёмныя».

«З уласным заключэннем УГД я яксьці трапіла да „спецыяліста“, які сказаў, што мне трэба „нарадзіць другое дзіця, каб усё было ў парадку“. Ці яшчэ прыклад: аднойчы я заплаціла за прыём мамолага, які за 30 секунд сказаў: „Мастапатыя — гэта нармальна, жывіце з ёй“, — і выпісаў мне БАД, каб я проста пайшла адтуль».

А вось хуткая дапамога аказалася значна больш чалавечнай і ўважлівай. Што вельмі спрашчае жыццё, дык гэта тое, што большасць грузінскіх лекараў размаўляюць на рускай мове, бо вучыліся пры Савецкім Саюзе (хаця з пачаткам вайны РФ з Украінай на ёй неахвотна размаўляюць).

«Яксьці зімой моцна захварэў сын: быў нейкі вірус, у яго не збівалася тэмпература, была вышэй за 40. Упершыню мне давялося выклікаць хуткую дапамогу. У мяне, як у любога эмігранта, быў гэты страх менавіта выкліку хуткай. Непанятна было, ці адкажуць мне па-руску, колькі я заплачу за візіт. Але ўсё было вельмі дабразычліва і проста. Мяне хутка пераключылі на рускамоўнага дыспетчара, усё ўдакладнілі — і вельмі хутка прыехалі. Лекарка была ўважлівая, хоць ужо ў самой бальніцы былі не вельмі прыемныя людзі. Калі я трымала на руках бледнае дзіця пад кропельніцай, цётка на рэгістратуры вырашыла мяне «праверыць»: «Чаму вы дрэнна размаўляеце па-грузінску, так нельга!» Потым прыйшоў доктар і сказаў: «Як гэта ў вас няма прыкрэпленага сямейнага тэрапеўта, што вы за мамачка такая?» Вось у такой экстраннай сітуацыі, калі нервы і так на мяжы, лекары палічылі, што варта яшчэ і пагоршыць усё. Але гэта чалавечы фактар. Вызоў хуткай у выніку быў бясплатны, а прыём доктара, кропельніца, аналізы, прызначэнні каштавалі каля $50».

Апошнія паўтара года сям’я чакае адказу наконт прыстанішча. Паводле Арыны, іх ID-карты заяўнікаў аб прадастаўленні прыстанішча далі ім доступ да бясплатнай медыцыны нараўне з грамадзянамі краіны.

«Якраз у гэты час мужу спатрэбілася пільная гаспіталізацыя, а суткавы кошт знаходжання ў стацыянары вялікі. Лекары доўга глядзелі на гэтую карту і не ведалі, што рабіць — яны з такімі не сутыкаліся. Потым увялі даныя ў нейкую агульную базу і высветлілася, што нас сапраўды лічаць быццам бы грамадзянамі Грузіі. У выніку стацыянар абышоўся нам бясплатна. У іншых паліклініках і бальніцах мы таксама можам абслугоўвацца бясплатна, але не ўсюды хочуць разбірацца з гэтай сістэмай і картай, таму часам прасцей заплаціць, чым траціць свой час».

Паводле Арыны, часцей за ўсё яны хадзілі да стаматолагаў — гэта нават танней, чым у Беларусі: «Стаматалогія ў Грузіі дастаткова танная. Мы тут паспяхова лечым зубы, і гэта не каштуе, як крыло самалёта. Напрыклад, простая пломба каштуе каля 30 долараў. Мы лечымся ў суперкрутога ўкраінца, там цана трохі вышэйшая — ад 50 долараў за пломбу, 700 долараў за імплант. І пры гэтым усё адно ёсць людзі, якія з рызыкай для бяспекі ездзяць у Беларусь лячыць зубы. Ніколі гэтага не зразумею».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках