Міністр абароны Германіі заявіў аб «апошнім мірным леце»
16- 17.11.2025, 14:29
- 9,386
Пісторыус прагназуе вайну паміж Расіяй і НАТА.
Краінам НАТА варта быць гатовымі да таго, што Расія нападзе на Альянс раней за існуючыя прагнозы — на 4–5 гадоў, — заявіў кіраўнік Мінабароны Германіі Борыс Пісторыус у інтэрв’ю Frankfurter Allgemeine Zeitung. Па яго словах, супрацоўнікі спецслужбаў і ваенныя эксперты рэгулярна ацэньваюць стан расійскай арміі, каб разлічыць, калі яна адновіцца да такой ступені, што будзе здольная нанесці ўдар па адной з краін НАТА на ўсходзе. «Мы заўсёды зыходзілі з таго, што гэта можа адбыцца ў 2029 годзе. Цяпер з’явіліся ацэнкі, што гэта магчыма ўжо ў 2028-м, а асобныя ваенныя эксперты і ўвогуле лічаць, што ў нас было апошняе мірнае лета», — адзначыў міністр.
Пісторыус прызнаў, што ў Еўропе занадта позна ўсвядомілі пагрозу з боку Расіі — у прыватнасці, гэта адбылося ў 2022 годзе, калі пачалося ўварванне ва Украіну. «Цяпер ясна: у Маскве ёсць сур’ёзны праціўнік, які дзейнічае максімальна бязлітасна і імперска», — канстатаваў ён. Аднак, паводле слоў міністра, гэта не азначае, што НАТА не зможа сябе абараніць. «У Альянсу значны патэнцыял стрымлівання — як звычайны, так і ядзерны. Акрамя таго, у нас ёсць баяздольныя ўзброеныя сілы, але так, іх трэба асназіць яшчэ лепш», — падкрэсліў Пісторыус.
Ён адзначыў, што нямецкае войска доўгія гады знаходзілася «ў запусценні» — ягоная колькасць рэзка скарацілася, а інфраструктура абветшала, але вайна ва Украіне змяніла гэтую сітуацыю, і цяпер задача палягае ў тым, каб паскорыць мадэрнізацыю Бундэсвера. «Пуцін не хавае сваіх імперскіх фантазій, у якіх наша свабода і наш парадак, якімі мы іх ведаем, не маюць ніякага значэння. Мы павінны хутка і рашуча адрэагаваць на гэтую пагрозу, умацаваўшы нашу абараназдольнасць», — падкрэсліў ён.