ЗСУ нанеслі наймацнейшы ўдар па расійскай нафтавай галіне з пачатку вайны
17- 17.11.2025, 11:24
- 36,292
Расія не адгружала нафту два дні.
Атака на Наварасійск — найбуйнейшы порт РФ на Чорным моры — вывела з ладу да 2% сусветных паставак нафты і за два дні падняла цэны на сыравіну больш чым на 2%. Telegram-канал «Можем объяснить» вывучыў аналітыку амерыканскай і еўрапейскай прэсы, каб зразумець, што адбываецца з портам цяпер і як гэта адбіваецца на рынку.
Удар украінскай ракеты па тэрміналу «Шэсхарыс» на два дні спыніў пагрузку нафты ў Наварасійску, паведамляе Reuters. Паводле даных агенцтва, у выніку ўдару былі пашкоджаныя два прычалы. У нядзелю Расія аднавіла пагрузку нафты, у порце загружаюцца танкеры Arlan і Rodos. Тэрмінал CPC, які з’яўляецца галоўным каналам вывазу казахстанскай нафты, перазапусцілі.
Праз Наварасійск ідзе каля 20% расійскага марскога экспарту: толькі ў кастрычніку праз «Шэсхарыс» прайшло 761 тыс. барэляў у суткі, яшчэ 1,79 млн тон нафтапрадуктаў — праз іншыя магутнасці порта. Доўгі прастой вымусіў бы Расію кансерваваць свідравіны ў Заходняй Сібіры — надзвычай балючы працэс для галіны.
EuroNews нагадвае, што ўдар па «Шэсхарысу» стаў найбуйнейшым на Чорным моры за час вайны. Тэрмінал — канчатковая кропка некалькіх магістральных трубаправодаў. Пасля атакі ўспыхнуў пажар, пашкоджаныя прыбярэжныя аб’екты, задзеты грамадзянскі карабель, трое членаў экіпажа паранены.
Bloomberg адзначае, што паралельна Украіна нанесла ўдар па Навакуйбышаўскім НПЗ «Раснафты» ў Самарскай вобласці — прадпрыемстве магутнасцю 170 тыс. барэляў у суткі, якое ўжо атакоўвалі ў жніўні. Кіеў сцвярджае, што паражаныя элементы інфраструктуры, аднак у «Раснафце» інцыдэнты не каментуюць.
Удар па Наварасійску стаў тэстам на ўстойлівасць глабальных паставак, адзначае Reuters. Паводле выдання, спыненне экспарту аб’ёмам 2,2 млн барэляў у суткі — гэта ўдар па прыкладна 2% сусветных продажаў, чаго дастаткова, каб падштурхнуць цэны ўверх. Павелічэнне на 2% адбылося ўжо ў дзень атакі, паколькі Наварасійск — адзін з найбуйнейшых вузлоў РФ, і ягоны працяглы прастой мог бы рэзка скараціць прапанову на рынку.