У Тайландзе знік беларускі мастак
2- 14.11.2025, 18:55
- 6,724
Сям'я асцерагаецца, што ён мог трапіць у адзін з махлярскіх цэнтраў.
На платформе GoFundMe размешчаны зварот сястры мастака Юліяны, дзе яна паведамляе, што Макар Маліноўскі знік без вестак у Тайландзе каля года таму. Сям'я асцерагаецца, што ён мог трапіць у адзін з махлярскіх цэнтраў, піша «Салідарнасць».
Юліяна Маліноўская піша ў звароце:
– Таленавіты мастак і музыкант, Макар — добрая душа, якая прысвяціла сваё жыццё таму, каб дапамагаць іншым знайсці свой голас. У памяць пра нашага памерлага брата (Глеб Маліноўскі быў забіты невядомымі ў Берліне ў 2015 годзе, — заўв.) ён заснаваў гуказапісны лейбл FOGLEB для падтрымкі творчых людзей, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі. Атрымаўшы стыпендыі на навучанне ў Італіі і ЗША, ён стаў паспяховым мастаком.
Сястра паведамляе, што апошні раз родныя размаўлялі з Макарам у сярэдзіне лістапада 2024 года:
– Амаль год наша сям'я рабіла ўсё магчымае ў Беларусі і Польшчы, звяртаючыся да ўладаў Тайланду, няўрадавых арганізацый і пасольстваў, але безвынікова. Нам удалося наняць прыватнага дэтэктыва ў Тайландзе, але, на жаль, пошукі не прывялі ні да выяўлення Макара, ні да якой-небудзь пацверджанай інфармацыі пра яго месцазнаходжанне.
Цяпер мы ўсё больш асцерагаемся, што ён мог трапіць у адзін з махлярскіх цэнтраў, якія дзейнічаюць у рэгіёне. Тады Макар шукаў працу і знаходзіўся ў ўразлівым становішчы, што магло зрабіць яго лёгкай здабычай для эксплуатацыі.
На платформе GoFundMe ідзе збор сродкаў для найму яшчэ аднаго прыватнага дэтэктыва для працы над новымі зачэпкамі ў пошуку беларуса.