Рыбак злавіў у Беларусі гіганцкага судака
7- 14.11.2025, 14:34
- 7,350
Рэкордны ўлоў.
На Бярэзіне бабруйскаму рыбалову ўдалося выцягнуць буйны трафей — судака вагой больш за 8 кілаграмаў. Пра гэта ён распавёў выданню Fishingby.com.
Па словах мужчыны, такі ўлоў — рэдкая ўдача, якая здараецца «раз у жыцці».
Андрэй Балыко накіраваўся на вячэрнюю рыбалку ў папулярнае сярод мясцовых жыхароў месца на рацэ.
Некалькі гадзін рыбалов змяняў прынады — сілікон, воблеры, паралон — і выпрабоўваў розныя спосабы, аднак нічога не клявала. Толькі пасля чарговай змены прынады на мандулу і доўгага ўтрымання прынады ў тым месцы ён адчуў лёгкі дотык.
Спачатку Андрэй вырашыў, што на кручку сом, але хутка стала зразумела, што супраціўляецца вялікі судак, вочы якога «пры святле ліхтарыка ззялі халодным бляскам».
Дакладная вага зловенай рыбы склала 8,255 кілаграма. Гэта новы зафіксаваны рэкорд па судаку ў Беларусі. Папярэдні належаў земляку з Бабруйска Андрэю Шаўчыку, які ў снежні мінулага года вярнуўся з рыбалкі на Прыпяці з судаком вагой 7,7 кілаграма, пераадолеўшы, у сваю чаргу, планку Яўгена Буцькоўца з Гомеля. Улетку 2024-га той злавіў судака на 7,1 кг. Але некаторыя рыбаловы перакананыя, што самыя вялікія экзэмпляры судака ў Беларусі дасягалі 13—14 кг.
