5 снежня 2025, Пятніца, 10:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэрміны дастаўкі расійскай нафты ў Кітай павялічыліся амаль удвая з-за санкцый

Тэрміны дастаўкі расійскай нафты ў Кітай павялічыліся амаль удвая з-за санкцый

Ідзе гаворка пра Паўночны марскі шлях.

Улады Расіі ўжо даўно зрабілі прыярытэтам развіццё Паўночнага марскога шляху (ПМШ), які дазваляе істотна скараціць час дастаўкі грузаў паміж Азіяй і Еўропай. Аднак для самой Расіі, якая возіць у Кітай нафту з Арктыкі і партоў Балтыйскага мора, увесь выйгрыш у часе сёлета быў зведзены на нішто — з-за санкцый, пад якія трапілі судны, што яе экспартуюць.

Транспартаванне па ПМШ, магчымасці якога растуць дзякуючы хуткаму таянню лёду ў Арктыцы, можа скараціць час у дарозе грузу з Азіі ў Еўропу амаль удвая. Але ў гэтым годзе тэрміны дастаўкі ў расійскіх нафтавых танкераў узраслі амаль на тры тыдні ў параўнанні з 2024 годам і перавысілі сем тыдняў, паведамляе Bloomberg паводле вынікаў аналізу даных аб перамяшчэнні суднаў.

Усе танкеры, што ходзяць па ПМШ з Мурманска і балтыйскіх партоў Прыморск і Усць-Луга, знаходзяцца пад санкцыямі ЗША. Адміністрацыя Джо Байдэна перад сваім сыходам 10 студзеня 2025 года ўнесла ў санкцыйны спіс каля 180 суднаў, якія працавалі ў тым ліку на арктычных маршрутах. У выніку тэрмін дастаўкі нафты ў Кітай з Мурманска вырас з 27 дзён летась да 48 сёлета, а з Балтыкі — з 31 да 50 дзён.

Тым часам тэрміны дастаўкі вакол Еўропы праз Суэцкі канал амаль не змяніліся: з Балтыкі танкеры ідуць у сярэднім 53 дні замест 51. Большасць суднаў на заходнім маршруце не падпадае пад амерыканскія санкцыі.

Везці ім нафту з Мурманска цяпер нават хутчэй, чым па ПМШ: гэта займае 42 дні. Праўда, гэта ўсё адно значна даўжэй, чым праз Арктыку летась. Дарэчы, у 2024 годзе танкеры з Мурманска хадзілі ў Кітай толькі па арктычным маршруце; відаць, па заходнім іх пачалі накіроўваць у 2025-м у якасці альтэрнатывы.

Пасля таго як Вашынгтон у кастрычніку ўвёў санкцыі супраць «Раснафты» і «Лукойла», пад абмежавальныя меры трапляе каля 70–80% расійскага нафтавага экспарту, а таксама сотні суднаў, уключаных у чорныя спісы ЗША, Еўрасаюза і Вялікабрытаніі. Апошнія санкцыі «могуць мець найбольш далёкасяжныя наступствы для сусветных рынкаў нафты» і нясуць у сабе «рызыку істотнага зніжэння» нафтаздабычы ў Расіі, заявіла ў чацвер Міжнароднае энергетычнае агенцтва.

Адна з прычын затрымак на маршруце праз ПМШ у тым, што большасць падсанкцыйных танкераў цяпер перагружаюць нафту на іншыя судны ў моры, што павялічвае выдаткі і час дастаўкі груза, піша Bloomberg. Гэта робіцца для таго, каб схаваць краіну паходжання нафты або змяшаць яе з іншымі сортамі. З 18 нафтавых танкераў, што прайшлі па ПМШ у гэтым годзе, 11 пасля перагрузілі нафту на іншыя судны каля ціхаакіянскага ўзбярэжжа Расіі, выключыўшы транспондары з мэтай ускладніць іх адсочванне.

Таксама танкерам можа спатрэбіцца больш часу на пошук пакупніка, але ў выніку яны прывозяць яе ў кітайскія парты.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках