Лукашэнка загадаў прыбраць з Беларусі маршруткі
27- 14.11.2025, 13:41
- 21,922
Іх павінны замяніць аўтобусы.
На нарадзе па выніках працы БелАЭС Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра маршруткі і пра чэргі на іх, паведамляе БелТА.
Ён прапанаваў прыцягнуць на маршруты электратранспарт. «Пілотныя праекты па пераводзе грамадскага транспарту на электрычны ўкаранёныя ў Шклове, Жодзіне і Наваполацку. А ў цэлым на сённяшні дзень у краіне эксплуатуецца больш за 44 тысячы электрамабіляў і налічваецца звыш 1870 зарадных станцый», — прывёў даныя палітык.
Дыктатар абурыўся нестачай грамадскага транспарту ў прыгарадных і міжгародніх перавозках.
«Людзі крыўдуюцца: стаяць, асабліва ў гадзіны пік, па 150 метраў, як яны пішуць, у чэргах, каб уціснуцца ў гэтую смярдзючую маршрутку, — сказаў ён. — Слухайце, чаму вы з людзей здзекуецеся?!»
«Мы што, не можам замяніць гэтыя маршруткі, Аляксандр Генрыхавіч, аўтобусамі? — заўважыў Лукашэнка, звяртаючыся да прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына. — Трэба паставіць, аж да таго, каб не толькі аўтобусы на рухавіках унутранага згарання, але і электрабусы паставіць. І хай ідуць».