Пуцін хавае набліжаных алігархаў ад «кадыраўцаў» на сакрэтнай дачы
- 14.11.2025, 13:41
- 14,444
Журналісты правялі расследаванне.
Расійская эліта зноў дэманструе, што жыве ў асобнай рэальнасці. У самым цэнтры Масквы, на Вараб’ёвых гарах, знаходзіцца сакрэтны пасёлак ФСО, куды простаму чалавеку не тое што трапіць — пад’ехаць немагчыма. Менавіта тут уладкавалі свае закрытыя рэзідэнцыі найбліжэйшыя да Уладзіміра Пуціна палітыкі, чыноўнікі і алігархі.
Расследаванне «Праекта» паказала, што кантроль над гэтымі дачамі Крэмль трымае асабіста, а рашэнні пра засяленне прымае сам Пуцін.
Пасёлак з’явіўся яшчэ ў 1950-я, калі сюды пасялялі найвышэйшых гасцей СССР. Цяпер гэта ціхая гавань расійскіх мільярдэраў і ўплывовых сілавікоў. Самі домы фармальна належаць дзяржаве, але перададзены ФСО, якая здае іх «абраным».
Кошт арэнды — каля 3,1 млн рублёў у месяц. Менавіта ў гэтай прывілеяванай зоне аселі Шайгу, Герасімаў, Вайна, Керымаў, Абрамовіч, Цімчанка і нават экс-прэзідэнт Казахстана Назарбаеў.
Асобную ўвагу прыцягвае гісторыя сенатара Сулеймана Керымава. У 2024 годзе ён хаваўся ў пасёлку ад людзей Рамзана Кадырава, які абвясціў яму кроўную помсту.
Дзесяццю гадамі раней у адным з мясцовых домаў адбыўся канфлікт паміж Сулейманам Керымавым і чачэнскай групоўкай, якая спрабавала выбіць сваю долю за акцыі «Уралкалія».
Тады ФСО фактычна ратавала мільярдэра ад пераследу чачэнскіх сілавікоў. Яшчэ адзін паказальны факт: ні Шайгу, ні Герасімаў, ні Вайна, ні сам Керымаў не пазначылі дарагавартасныя домы ў дэкларацыях, хоць былі абавязаныя зрабіць гэта паводле закона.