7 снежня 2025, Нядзеля, 7:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Начная атака РФ на Кіеў: разбураныя дамы, бальніца і школа

6
Начная атака РФ на Кіеў: разбураныя дамы, бальніца і школа

З’явіліся новыя падрабязнасці ад ДСНС Украіны.

Уначы на 14 лістапада расійскія акупанты ўдарылі па Кіеве ракетамі і дронамі, у выніку чаго прынамсі адзін чалавек загінуў, а больш за два дзясяткі — пацярпелі.

Вораг выкарыстаў крылатыя ракеты тыпу «Калібр», «Кінжалы» і «Іскандэры», паведамілі маніторынгавыя каналы.

«Атака была накіраваная на аб’екты энергетыкі ў сталіцы і Кіеўскай вобласці... Вораг атакаваў сталіцу адначасова рознымі сродкамі нападу, што ўскладняла працу супрацьпаветранай абароны», — гаворыцца ў паведамленні.

Маніторынгавыя каналы ўдакладнілі, што расійскія акупанты білі па Кіеве:

крылатымі ракетамі комплексу «Калібр», якія былі запушчаныя з акваторыі Чорнага мора з раёна Анапы;

аэрабалістычнымі звышгукавымі ракетамі комплексу «Кінжал», якія запускалі з раёна Ліпецкай вобласці РФ;

балістычнымі ракетамі АТРК «Іскандэр-М»/KN-23, якія былі запушчаныя з тэрыторыі Бранскай вобласці РФ;

ўдарнымі і імітацыйнымі БПЛА.

Тым часам прэс-служба Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях каля 6-й раніцы апублікавала фота і пералік пашкоджанняў ва ўсіх раёнах сталіцы:

у Падольскім раёне — пападанне ў шматпавярхоўку на ўзроўні 15-га паверха. Там выратаваныя 13 чалавек;

у Дняпроўскім раёне ліквідавана ўзгаранне двух кватэр на першым паверсе пяціпавярхоўкі плошчай 50 кв. м. Выратаваныя 17 чалавек. Па іншым адрасе ліквідаваны пажар на плошчы 30 кв. м.

Зафіксавана частковае разбурэнне на 19-м і 21-м паверхах. Таксама гарэлі драўляныя дамы спартыўнай базы на плошчы 200 кв. м;

у Дарніцкім раёне горада — ўзгаранне плошчай 5 кв. м на тэрыторыі школы;

у Дзяснянскім раёне — ўзгаранне ў шматпавярхоўцы на ўзроўні 7-га паверха. Пажар лакалізаваны. Падчас тушэння выратавана 9 чалавек, яшчэ 50 — эвакуяваныя.

Па іншым адрасе ўзнік пажар у шматпавярхоўцы на ўзроўні 5–8 паверхаў. 1 чалавек загінуў. Выратаваныя 14 чалавек, з іх 1 дзіця, 1 чалавек вызвалены з-пад завалаў;

у Саламенскім раёне — ўзгаранне даху і пятага паверху жылога дома. Падчас тушэння выратаваныя 20 чалавек;

у Свяцішынскім раёне — пападанне ў жылы дом на ўзроўні сёмага паверха. Таксама ліквідавана ўзгаранне ў 22-павярховым жылым доме на ўзроўні 19-га паверха;

у Галасееўскім раёне — падзенне абломкаў на тэрыторыі бальніцы. Па іншым адрасе ліквідавана ўзгаранне ў будынку на плошчы 15 кв. м;

у Шаўчэнкаўскім — ліквідавана ўзгаранне на адкрытай тэрыторыі;

ў Абалонскім раёне — пападанне ў 9-павярховы жылы дом, у выніку чаго ўзнікла ўзгаранне кватэр з 7-га па 9-ы паверхі на агульнай плошчы каля 100 кв. м. Адзін чалавек выратаваны, пажар ліквідаваны.

«1 чалавек загінуў, прынамсі 24 траўмаваныя ў выніку атакі РФ», — адзначылі ў ДСНС.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў і начальнік Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Цімур Ткачэнка.

«На жаль, у выніку атакі загінуў чалавек. Колькасць пацярпелых узрасла да 24», — напісаў Ткачэнка.

Нагадаем, жыхары левага берага Кіева засталіся без цяпла з-за пашкоджаных расіянамі цепласетак.

Уначы на 14 лістапада РФ ударыла па Кіеве балістыкай і «дабівала» горад дронамі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках