5 снежня 2025, Пятніца, 10:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кампанія Джэфа Безоса паспяхова запусціла ракету са спадарожнікамі НАСА

7
Кампанія Джэфа Безоса паспяхова запусціла ракету са спадарожнікамі НАСА
Джэф Безос

Blue Origin кідае выклік Ілону Маску.

Касмічная кампанія Blue Origin мільярдэра Джэфа Безоса паспяхова запусціла з касмадрома на мысе Канаверал у Фларыдзе сваю ракету New Glenn, якая павінна даставіць да Марса два спадарожнікі амерыканскага касмічнага агенцтва НАСА, піша Бі-бі-сі.

Для Blue Origin вялікім поспехам стаў не толькі сам па сабе старт «New Glenn» (ўсяго другі ў гісторыі), але і бяспечнае вяртанне на Зямлю гіганцкага бустара першай ступені.

Паскаральны блок вышынёй з 17-павярховы дом паспяхова апусціўся на плавучую платформу ў Атлантычным акіяне прыкладна праз 10 хвілін пасля старту. Бустар атрымаў назву Never Tell Me the Odds — гэта вядомая фраза героя кінаэпапеі «Зорныя войны» Хана Сола, якую можна перакласці як «Ніколі не кажы мне пра шанцы!».

Раней шматразовае выкарыстанне паскаральных блокаў, якое значна танніць дастаўку грузаў у космас, здолела ўкараняць толькі кампанія SpaceX Ілона Маска — галоўны канкурэнт Blue Origin — са сваёй папулярнай ракетай Falcon.

Пасля прызямлення бустара Маск напісаў кароткае паведамленне ў сваёй сацсетцы X, у якім павіншаваў Безоса з поспехам.

Падчас першага старту New Glenn, у студзені гэтага года, ракету ўдалося вывесці ў космас, але бустар быў страчаны.

Эксперты спадзяюцца, што цяпер Blue Origin зможа наладзіць рэгулярныя старты ракет, якія зноў і зноў выкарыстоўваюць паскаральныя блокі.

«Запуск, прызямленне, паўтарэнне працэдуры. Гэта пачынаецца сёння», — сказаў з гэтай нагоды Эдзі Сэйферт, адзін з тых, хто каментаваў запуск у інтэрнэце.

Ракета New Glenn названа ў гонар Джона Глена — першага амерыканскага касманаўта, які больш за 60 гадоў таму выйшаў на арбіту Зямлі.

Місія да Марса

Запуск New Glenn са спадарожнікамі НАСА стаў першай камерцыйнай місіяй па дастаўцы грузаў у космас, якую паспяхова распачала кампанія Blue Origin.

На борце ракеты знаходзяцца два спадарожнікі пад назвай Blue і Gold (то-бок «сіні» і «залаты»), якія павінны дасягнуць Марса ў 2027 годзе і выйсці на эліптычныя арбіты вакол планеты.

Як піша агенцтва Reuters, пасля гэтага яны будуць цягам 11 месяцаў вывучаць касмічнае надвор'е каля планеты: іх апаратура будзе рэгістраваць асаблівасці ўзаемадзеяння сонечнага ветру (пастаяннага патоку часціц з кароны Сонца) з адносна слабым магнітным полем Марса. У тым ліку вучоныя спадзяюцца з іх дапамогай зразумець, як гэтае ўзаемадзеянне можа ўплываць на знясіленне марсіянскай атмасферы.

Джозэф Уэстлэйк, спецыяліст НАСА ў галіне геліафізікі, патлумачыў у стрыме, што апараты Blue і Gold спачатку знойдуць «спрыяльнае і бяспечнае месца для паркавальнай арбіты», каб зрабіць «назіранні пра касмічнае надвор'е ў нас на Зямлі».

А восенню 2026 года, калі Зямля і Марс апынуцца ў прыдатным становішчы адна насупраць адной, ракета «адштурхнецца» ад зямнога прыцягнення і пачне шлях да Марса.

Падобны тып запускаў можа дазволіць часцей адпраўляць місіі да Марса, бо для яго не трэба чакаць патрэбнага «акна» ў становішчы дзвюх планет (яно адкрываецца прыкладна раз на два гады).

Касмічная канкурэнцыя

Як пісалі карэспандэнты Бі-бі-сі, Blue Origin кідае выклік Ілону Маску ў барацьбе за дамінаванне ў космасе. Абедзве кампаніі распрацоўваюць самыя магутныя на сённяшні дзень ракеты-носьбіты. Але Безос у гэтай гонцы апынуўся ў становішчы таго, хто даганяе, і паспяховы запуск New Glenn для яго — вялікі крок наперад.

Безос заснаваў кампанію Blue Origin 25 гадоў таму, заявіўшы, што хоча, каб «мільёны людзей працавалі і жылі ў космасе». Маск таксама лічыць, што чалавецтву, каб выжыць, трэба стаць «мультыпланетным». Яго даўняя мара — калонія на Марсе.

На працягу многіх гадоў Blue Origin адпраўляла да мяжы зямной атмасферы невялікую ракету New Shepard. На ёй ляталі пасажыры і карысныя грузы, у тым ліку і сам Безос у 2021 годзе.

Ракета New Glenn магутнейшая за самую папулярную распрацоўку SpaceX, Falcon 9.

Яна таксама можа несці больш спадарожнікаў, і Безос хоча выкарыстоўваць яе ў межах свайго праекта Kuiper, мэтай якога з'яўляецца разгортванне тысяч нізкаарбітальных спадарожнікаў для шырокапалоснай інтэрнэт-сувязі. Гэты праект будзе наўпрост канкураваць з сервісам Starlink Маска.

Аднак Starship — новая ракета кампаніі Маска — пераўзыходзіць New Glenn па магутнасці і карыснай нагрузцы.

Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што поспех ракеты New Glenn створыць рэальную канкурэнцыю паміж дзвюма кампаніямі і можа знізіць кошт касмічных аперацый.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках