Маркетплэйсы і таксі могуць прызнаць дамінантамі рынку ў Беларусі
6- 13.11.2025, 22:14
- 3,986
Падрабязнасці.
Буйныя гандлёвыя інтэрнэт-пляцоўкі, а таксама таксі рызыкуюць трапіць у Рэестр дамінантаў, паведамілі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРТ).
У ведамстве адзначылі, што ў пералік кампаній, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках, уключылі 60 суб'ектаў гаспадарання. Калі параўнаць стан рэестра на пачатку года і цяпер, то з яго выключылі 83 юрыдычныя асобы.
Усяго ў спісе 860 суб'ектаў гаспадарання, з якіх 196 прызнаныя дамінантамі рынку на рэспубліканскім узроўні.
«У бліжэйшы час МАРТ будуць прааналізаваныя рынкі ўладальнікаў інтэрнэт-пляцовак, арганізацыі перавозак пасажыраў таксі, сацыяльна значных тавараў і іншыя», — паабяцалі ў МАРТ, праілюстраваўшы прэс-рэліз калажам з лагатыпамі маркетплэйсаў Wildberries і OZON.
Нагадаем, у Рэестр дамінантаў уключаюць арганізацыі, доля якіх на рынку пэўнага тавара перавысіла ўсталяваную велічыню. Да юрыдычных асоб, уключаных у пералік, прымяняюцца абмежаванні, якія пералічаныя ў артыкуле 18 Закона «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі». Сярод іх, напрыклад, ёсць забарона на ўстанаўленне і падтрыманне манапольна высокай або манапольна нізкай цаны.