Колькі беларусы трацяць часу на хатнюю працу
11- 13.11.2025, 19:59
- 2,474
Да роўнасці яшчэ далёка.
У Беларусі адбылося абследаванне бюджэту часу. Прасцей кажучы, спецыялісты высвятлялі, як мы праводзім свае дні.
Для гэтага больш за 6000 сем’яў вялі 2 дзённікі на працягу года (з красавіка 2024-га па сакавік 2025-га), куды запісваліся ўсе іх справы.
Вынікамі маштабнага абследавання падзяліўся намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Аляксей Ярковец, паведамляе БелТА.
Нягледзячы на гендарную роўнасць у нашай краіне, мужчыны і жанчыны праводзяць час па-рознаму.
«Калі ўлічваць усе віды паўсядзённай дзейнасці, аказваецца, што працягласць працоўнага часу ў жанчын, як правіла, большая, чым у мужчын. І гэта адбіваецца на іх вольным часе», – заявіў Ярковец.
Да працоўнага часу адносяць як звычайную аплатную працу, так і неаплатную, г.зн. вядзенне дамашняй гаспадаркі і клопат пра сям’ю.
Калі казаць мовай статыстыкі, то ў сярэднім жанчыны працуюць у 1,7 раза больш, чым мужчыны.
Разрыў істотны, але ён паступова скарачаецца. Яшчэ 10 гадоў таму жанчыны працавалі ўдвая больш.
Структура «ААН-Жанчыны» апублікавала свой гендарны агляд.
Высветлілася, што ў сярэднім у свеце жанчыны штодня прысвячаюць хатняй працы і клопату пра членаў сям’і ў 2,5 раза больш часу, чым мужчыны.
Таму сітуацыя ў Беларусі, можа, і не ідэальная, але адчувальна лепшая, чым у большасці краін.