Эксперт: Расія рыхтуецца да адкрыцця новага фронту
8- 13.11.2025, 14:52
- 18,102
У Пуціна ўжо гатовыя дакументы.
Эксперты і палітыкі апошнім часам усё часцей выказваюць занепакоенасць, што краіна-агрэсар Расія можа пашырыць вайну на тэрыторыю Еўропы, пры гэтым не спыняючы баявыя дзеянні ва Украіне.
Ваенны аглядальнік Іван Цімочка у эфіры «24 Канала» ацаніў магчымасці РФ дзейнічаць шырэй, чым толькі на тэрыторыі Украіны. Паводле ягоных слоў, Расія ўжо назапашвае рэсурсы і разглядае розныя сцэнары новай эскалацыі.
Расія набліжаецца да краін Еўропы
Яшчэ падчас вучэнняў «Захад 2025» расійскія войскі адпрацоўвалі сцэнары на марскіх і паветраных напрамках, дзе нядаўна фіксавалі парушэнне прасторы дзяржаў Еўропы.
Таксама Расія спрабуе наблізіцца да краін НАТА за кошт запуску беспілотнікаў і падыходу расійскіх войскаў да тэрытарыяльных вод еўрапейскіх краін.
Аглядальнік адзначыў, што ў дадатак да гэтага ў Расіі прымаюць законы аб бесперапыннай мабілізацыі і прызове рэзервістаў, што можа сведчыць пра адно — у штабах РФ разглядаюць варыянты адкрыцця другога фронту, пад які фармуюць неабходныя сілы.
«Так выглядае, што яны (расіяне — рэд.) рыхтуюцца да адкрыцця другога фронту. На ўзроўні расійскіх штабоў, у прыватнасці Генеральнага штаба, такія дакументы ўжо прапісаныя і прапрацаваныя. Гэтыя планы змадэляваныя, і пад іх цяпер рыхтуюць рэсурс», — сказаў Цімочка.
Крамлёўскі дыктатар Уладзімір Пуцін спадзяецца, што прарвацца ў еўрапейскія дзяржавы Расія зможа не толькі за кошт ваенных магчымасцяў, але і эфекту псіхалагічнага ціску на грамадства. Агрэсыўная тактыка можа надламаць маральны стан цывільных.
Расіяне могуць пашырыць агрэсію з дапамогай войскаў КНДР
Цімочка адзначыў, што Масква разглядае паўночнакарэйскіх вайскоўцаў як сілы, якія могуць узмацніць групоўку РФ у супрацьстаянні любой з еўрапейскіх дзяржаў.
«Расія падрыхтавала і навучыла паўночнакарэйскіх салдат, якіх можа прыцягнуць як квазівойскі супраць любой краіны Еўрапейскага Саюза», — растлумачыў ён.