У Кракаве супрацоўнікі паліцыі выратавалі беларуса, які раптам перастаў дыхаць
4- 13.11.2025, 14:11
- 4,476
Жыццё і здароўе мужчыны ўдалося захаваць дзякуючы імгненнай рэакцыі дарожнага патруля.
37-гадовы беларус раніцай 6 лістапада раптам страціў прытомнасць у таксі ў Кракаве на вуліцы Снядзецкіх. Вадзіцель спыніў аўтамабіль дарожнага патруля і папрасіў дапамогі, паведамляе кракаўская паліцыя.
Паводле слоў таксіста, мужчына скардзіўся на дрэннае самаадчуванне і боль у грудзях, а пасля страціў прытомнасць і перастаў дыхаць.
Паліцыянты дасталі беларуса з аўтамабіля. Мужчына не дыхаў. Супрацоўнікі паліцыі пачалі праводзіць яму сардэчна-лёгачную рэанімацыю, а таксама паведамілі пра здарэнне дыспетчару, які выклікаў другі патруль паліцыі і хуткую дапамогу.
Медыкі даставілі беларуса ў бальніцу, дзе яго прывялі да прытомнасці. Кракаўская паліцыя адзначае, што жыццё і здароўе мужчыны ўдалося захаваць дзякуючы імгненнай рэакцыі дарожнага патруля.