5 снежня 2025, Пятніца, 10:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тысячы транспартных кампаній у Расіі апынуліся на мяжы банкруцтва

6
Тысячы транспартных кампаній у Расіі апынуліся на мяжы банкруцтва

Такой сітуацыі не было апошнія 17 гадоў.

Расійскія транспартныя кампаніі пачалі масава пакідаць рынак грузавых перавозак з-за росту сабекошту і рэзкага зніжэння рэнтабельнасці.

Каля 6,7 тыс. перавозчыкаў знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі або банкруцтва, паведамілі «Известиям» у прафільнай асацыяцыі «АвтоГрузЭкс». Паводле дадзеных арганізацыі, гэта ўжо прывяло да дэфіцыту прапановы на рынку, які назіраецца з канца кастрычніка.

«Галоўная прычына — перавозчыкі проста не цягнуць фінансава. Сярэдні сабекошт цяпер каля 85–86 руб. за кіламетр, а тарыфы аднавіліся толькі да 74,7 руб.», — кажа ўладальнік сеткі дылерскіх цэнтраў камерцыйнага транспарту «Альянс Тракс» Аляксей Іваноў.

На гэтым фоне перавозчыкам усё складаней аплачваць лізінгавыя плацяжы, таму з канца мінулага года назіраецца масавае вяртанне тэхнікі, кажа заснавальнік кампаніі «Лидер Транс» Міхаіл Устюжанін. «Такой сітуацыі не было апошнія 17 гадоў. Аб’ёмы тэхнікі, якую забіраюць, б’юць рэкорды і з чэрвеня 2025 года штомесяц павялічваюцца на 20%», — заяўляе ён.

Акрамя павышэння сабекошту, дадатковы ціск на галіну створыць рост утылізацыйнага збору. З 1 студзеня 2026 года ён павысіцца яшчэ на 10% — амаль да 3 млн руб. за магістральны цягач грузападымальнасцю да 20 тон, адзначае першы намеснік генеральнага дырэктара «Байкал-Сервис ТК» Аляксандр Зарэцкі. «Пры штогадовай індэксацыі стаўкі на 10–20% да 2030 года набыццё аўтамабіляў замежных вытворцаў стане эканамічна нявыгадным для многіх перавозчыкаў, што ўскладніць абнаўленне аўтапаркаў і можа прывесці да яшчэ большага скарачэння правазных магутнасцяў», — папярэдзіў Зарэцкі.

Акрамя таго, з 1 студзеня 2026 года расійскія перавозчыкі больш не змогуць працаваць на патэнтнай сістэме падаткаабкладання, нагадаў прэзідэнт асацыяцыі «АвтоГрузЭкс» і намеснік дырэктара ПЭК Вадзім Філатаў. Гэта павялічыць фінансавую нагрузку на тысячы транспартных кампаній. На гэтым фоне не менш за 7% з іх могуць пакінуць рынак, прагназуе фінансавы дырэктар кампаніі «Орда» Руслан Сафін.

У Мінтрансе РФ заявілі, што вядуць маніторынг стану галіны разам з прафільнымі асацыяцыямі. «У якасці дзейнай меры падтрымкі перавозчыкі маюць права скарыстацца механізмам адтэрміноўкі (растэрміноўкі) выплаты абавязковых падатковых плацяжоў, прадугледжаным арт. 64 Падатковага кодэкса. Ужо маюць месца выпадкі падачы такіх заяў», — адзначылі ў ведамстве. Там таксама нагадалі, што перавозчыкі могуць скарыстацца дзяржаўнай праграмай для набыцця айчыннай тэхнікі і атрымаць паніжаную стаўку утылізацыйнага збору на шэраг транспартных сродкаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках