Польшча абмяркуе з суседзямі сітуацыю на мяжы Беларусі і Літвы
- 13.11.2025, 9:05
- 2,762
Кансультацыі намеснікаў міністраў унутраных спраў прызначаныя на сёння.
Нягледзячы на сур'ёзны крызіс на літоўска-беларускай мяжы, Польшча не збіраецца пераглядаць уласныя планы па адкрыцці ў гэтым месяцы пагранічных пераходаў з Беларуссю. Пра гэта паведамляе RMF FM са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы.
У чацвер, 13 лістапада, павінны адбыцца кансультацыі намеснікаў міністраў унутраных спраў Літвы, Польшчы і Латвіі.
Польскі бок падкрэслівае, што гэтая сустрэча была запланаваная загадзя і першапачаткова павінна была датычыцца міграцыйнага крызісу. Прадстаўнікі МУС Польшчы не выключаюць, што падчас перамоваў увага будзе нададзеная і сітуацыі на мяжы Беларусі з Літвой, аднак, паводле іх слоў, вынікі кансультацый наўрад ці прывядуць да перагляду планаў па адкрыцці пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы — гэта павінна адбыцца ўжо ў найбліжэйшыя тыдні.
У сваю чаргу, літоўскі бок, паводле звестак выдання, разглядае гэтыя перамовы як частку больш шырокіх абмеркаванняў крызіснай сітуацыі, выкліканай рашэннем Вільнюса аб закрыцці мяжы з Беларуссю.
Нагадаем, раней міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі паведаміў, што Варшава вырашыла падтрымаць Вільнюс і адклала на некалькі тыдняў адкрыццё двух пунктаў пропуску ў Падляскім ваяводстве на мяжы з Беларуссю («Кузніца — Брузгі» і «Баброўнікі — Бераставіца»), якое раней абвясціў прэм'ер-міністр гэтай краіны Дональд Туск.
Прадстаўнік урада Польшчы Адам Шлапка распавёў, што прэм'еры Польшчы і Літвы дамовіліся пра адкрыццё пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы «прыблізна ў сярэдзіне лістапада».