Прэзідэнт Латвіі адказаў Меркель
4- 8.10.2025, 14:53
- 4,966
Польшча і краіны Балтыі лепш разумелі пагрозу з боку Крамля, чым Берлін.
Прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс пракаментаваў выказванні былой канцлеркі Германіі Ангелы Меркель пра тое, што ў 2021 годзе Польшча і краіны Балтыі нібыта перашкодзілі правядзенню перамоваў з Расіяй, што паўплывала на далейшы ход падзей ва Украіне. Словы латвійскага прэзідэнта цытуе Delfi.
Рынкевічс, які ў той момант займаў пасаду міністра замежных спраў Латвіі, сказаў, што «калі выйдуць мае мемуары, там таксама можа быць нешта цікавае».
«А калі сур'ёзна, то, думаю, мы ў гэты вар'яцкі час забыліся, што ў 2021 годзе было шмат дыскусій — гэта не вялікі сакрэт», — сказаў ён.
Прэзідэнт Латвіі нагадаў, што вясной 2021 года назіралася канцэнтрацыя расійскіх войскаў каля ўкраінскай мяжы, тады кіраўнікі МЗС краін Балтыі і прадстаўнікі іншых дзяржаў адправіліся ў Кіеў абмяркоўваць праграмы падтрымкі.
Паводле яго слоў, за гады вайны пра гэта ўжо забыліся, але ў 2021 годзе гучалі розныя ідэі, і было цалкам зразумела, што Мінскія пагадненні не працуюць і Расія не збіраецца іх выконваць.
У цэлым пазіцыя Польшчы і краін Балтыі, якія тады выразна сказалі, што па сутнасці Расія не хоча размаўляць з адзіным Еўрапейскім Саюзам і зробіць усё, каб раскалоць яго пазіцыю, была правільнай, лічыць чыноўнік. Рынкевічс адзначыў, што тады ішла гаворка пра пошук фармату, пры якім Расія размаўляе не з асобнымі краінамі, а з ЕС у цэлым, чаго яна пазбягала.
Ён дадаў, што Польшча і краіны Балтыі гаварылі пра гэта і ў 2016-м, і ў 2021-м, і цяпер.
На думку Рынкевічса, магчыма, цяпер увага зноў прыкавана да гэтай тэмы таму, што ЕС і цяпер цяжка сфармуляваць адзіную пазіцыю. Гэта разнастайнасць меркаванняў бачная падчас дыскусій пра выкарыстанне замарожаных расійскіх актываў для падтрымкі Украіны і падчас прыняцця чарговага пакета санкцый.
«Па сутнасці, так, ёсць розныя меркаванні, і яны былі заўсёды», — адзначыў прэзідэнт краіны.
Пэўныя краіны — члены ЕС і НАТА, паводле яго слоў, лепш разумеюць рызыкі, якія зыходзяць ад Расіі, некаторыя — менш; у краінах таксама розная эканамічная сітуацыя, што ўплывае на разнастайнасць меркаванняў.
Рынкевічс нагадаў, што пасля лютага 2022 года многія заходнія палітыкі прызналі, што не прыслухаліся да меркавання Польшчы і краін Балтыі, а яны мелі рацыю — «і гэта факт».
Ён канстатаваў, што Расія «не хоча размаўляць» і выстаўляе ультыматумы.
«І не будзем забываць, што ў 2020–2021 гадах такіх ультыматумаў было даволі шмат — і па Украіне, і па НАТА, і па астатнім. Але, думаю, у той момант, калі палітыкі Польшчы і краін Балтыі, якія цяпер яшчэ актыўныя, выйдуць на пенсію, напішуць мемуары і будуць даваць інтэрв'ю, вы яшчэ шмат новага пачуеце», — падсумаваў палітык.