8 снежня 2025, панядзелак, 5:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі алігарх ідзе на рэкорд па тэрміне зняволення ў Расіі

2
Беларускі алігарх ідзе на рэкорд па тэрміне зняволення ў Расіі

Ён мог быць звязаны з сям'ёй Лукашэнкі.

У Расіі завершана расследаванне яшчэ аднаго «злачыннага» эпізоду з дзейнасці экс-мінчаніна Аляксея Хоціна. Сыну экс-дырэктара «Беліты» і заснавальніка «Белкосмекс» Юрыя Хоціна свяціць 20 гадоў калоніі, піша сайт «Белорусы и рынок».

У 2024 годзе гэтага бізнесмена, які доўгі час разам са сваім бацькам Юрыем Хоціным быў адным з найбуйнейшых уладальнікаў камерцыйнай нерухомасці ў Расіі, асудзілі за махінацыі з грашыма ўкладчыкаў банка «Югра». Аляксей Хоцін і тры менеджары банка былі абвінавачаныя ў выдачы ў 2014–2017 гадах заведама безвяртальных крэдытаў на 23,6 млрд расійскіх рублёў хоцінаўскім нафтавым кампаніям «Капстрой», «Восток» і «Мултановское». Пры гэтым маёмасць і паручыцельствы, прадстаўленыя ў забеспячэнне пазык, былі выведзеныя з-пад закладу. І хоць самі абвінавачаныя пагасілі ў ходзе следства 6 млрд расійскіх рублёў, а потым невядомыя трэція асобы ўнеслі на рахункі Агенцтва страхавання ўкладаў недастаючыя 17 млрд, Аляксей Хоцін атрымаў рэальны тэрмін. Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе дзевяці гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Як піша «Коммерсантъ», калі Хоцін ужо рыхтаваўся да этапавання ў месца адбывання пакарання, падоспела другая крымінальная справа.

Паводле версіі следства, Аляксей Хоцін і яго падручныя пахітылі актывы падкантрольнай Аляксею Хоціну кампаніі «Русь-Ойл», арыштаваныя, а затым і звернутыя ў даход дзяржавы паводле іску Генпракуратуры. Пры гэтым Хоцін тады ўжо ўтрымліваўся пад вартай па справе «Югры».

У выніку афёры каля 1,5 млн тон нафты было прададзена ў Беларусь, Казахстан, Польшчу і Славакію, а выручка за яе прысвоена.

Паводле следства, зламыснікі, якія дзейнічалі ў інтарэсах групы кампаній «Русь-Ойл», даведаліся, што Генпракуратура Расіі вырашыла дамагчыся звароту яе актываў у даход дзяржавы для пагашэння падатковай запазычанасці ў памеры больш як 169 млрд расійскіх рублёў. Нягледзячы на прынятыя судом забяспечвальныя меры на дзеянні з нафтай, ім удалося падманным шляхам заключыць з «Транснефть» дагавор на транспартаванне нафты, здабытай адным з падкантрольных прадпрыемстваў, за мяжу. У 2023 годзе сыравіна пайшла часткова на расійскія НПЗ, часткова ў Беларусь, а таксама Казахстан, Польшчу і Славакію.

Усяго, паводле падлікаў следства, у інтарэсах групы з лістапада 2022 па сярэдзіну студзеня 2024 года ў трубаправоды адгрузілі 1,527 млн тон нафты, якая пасля была рэалізаваная за 58,642 млрд расійскіх рублёў.

Грошай кампанія-ўладальніца рэсурсу не дачакалася. Гэта сума і стала шкодай, заяўленай у крымінальнай справе. У яе межах Аляксея Хоціна зноў арыштавалі, каб узаконіць яго знаходжанне ў сталічным СІЗА. Па тых артыкулах, якія яму прад'яўляюцца, бізнесмену пагражае да 20 гадоў зняволення.

У расійскіх СМІ Аляксея Хоціна, які з'яўляецца выхадцам з Беларусі, нярэдка называюць кашальком Лукашэнкі. Яшчэ ў верасні 2017 годзе падрабязна пісалі пра Хоціных і іх сувязі з «сям'ёй» Лукашэнкі: «Хоціны — выхадцы з Беларусі, займацца бізнесам пачалі пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі — у 1994 г. Першым іх прадпрыемствам стала кампанія па вытворчасці беларускай касметыкі і парфумерыі «Белкосмекс». Ужо ў 1997 г. бацька і сын пераязджаюць у Маскву, дзе арандуюць памяшканні ў мясакомбіната «Мікомс», а затым выкупляюць іх за бясцэнак. Да 2004 г. Хоціны ўжо валодаюць каля 1 млн кв. м у Маскве. Паводле некаторых звестак, гэты сямейны бізнес актыўна падтрымліваўся беларускімі чыноўнікамі і сілавікамі, якія, як і прадпрымальнікі, перабраліся ў Расію. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што патронам Хоціных з'яўляецца сам Лукашэнка».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках