Зяленскі: БПЛА на Еўропу запускаюць з суднаў «ценявога флоту»
1- 8.10.2025, 11:23
- 2,334
Прэзідэнт Украіны заклікаў Еўропу да рашучага адказу.
Служба знешняй разведкі Украіны пацвярджае здагадкі пра тое, што ў нядаўніх правакацыях з пралётамі дронаў над адчувальнымі аб’ектамі ў краінах Еўропы былі задзейнічаныя танкеры «ценявога флоту» РФ. Такую заяву зрабіў у аўторак, 7 кастрычніка, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас свайго вячэрняга відэазвароту да грамадзян, перадае «Нямецкая хваля».
Паводле слоў Зяленскага, кіраўнік украінскай СВР Алег Івашчэнка «падрабязна расказаў» яму пра тое, як судны, якія Масква выкарыстоўвае для экспарту нафты ў абыход санкцый, задзейнічваюцца «для дыверсій і розных спробаў дэстабілізацыі ў Еўропе». «Мы дзелімся наяўнай у нас інфармацыяй з нашымі партнёрамі, і надзвычай важна, каб яны зрабілі канкрэтныя крокі ў адказ на дзеянні Расіі», — сказаў украінскі прэзідэнт.
Зяленскі падкрэсліў: Кіеў пераконвае саюзнікаў быць больш рашучымі, адзначыўшы, што раней некаторыя з іх «страцілі шмат часу» праз страх перад Масквой. «Расіяне павінны ведаць, што ні адно з іх разбуральных дзеянняў — усіх іх падлых учынкаў — не застанецца без адказу з боку свету», — заявіў прэзідэнт Украіны.