5 снежня 2025, Пятніца, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта прынцыпова новая сітуацыя»

2
«Гэта прынцыпова новая сітуацыя»
Уладзімір Фесенка

Украіна доўга шукала ахілесаву пяту Расіі.

Паспяховыя атакі ўкраінскіх дронаў на расійскія НПЗ спынілі рэкордныя аб’ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расіі. Гэта абумовіла паліўны крызіс, якога ў краіне яшчэ не было. Як гэта адбіваецца на настроях у РФ? Ці прымусяць атакі ўкраінскіх дронаў Крэмль?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фесенкам:

— Пачну з таго, што я адсочваю сітуацыю ў РФ паводле розных крыніц, але найлепш настроі расіян могуць адсочваць тыя, хто ўнутры. Яны іх адчуваюць. У нас карціна збоку.

Тым не менш тое, што адбываецца з расійскай нафтаперапрацоўкай, — гэта прынцыпова новая сітуацыя, таго, чаго раней не было. Украіна доўга шукала слабае месца ў расійскім тыле.

Зразумела, што ў расіян вялікая перавага ў рэсурсах, у колькасці насельніцтва і войска, у многіх матэрыяльных рэсурсах, у тым ліку фінансавых. Але для нас было вельмі важна знайсці нейкую ахілесаву пяту Расіі, тое месца, удары па якім маглі б аслабляць яе, у тым ліку і яе ваенную дзеяздольнасць, уплываць на грамадскія настроі. І ў той жа час паступова падштурхоўваць да неабходнасці пачатку рэальных мірных перамоваў.

Такое слабае месца было знойдзена — гэта нафтаперапрацоўка, расійскія НПЗ. За апошнія месяцы Украіна прадэманстравала, па-першае, вялікую колькасць дакладных удараў, а галоўнае — сур’ёзныя наступствы. Першыя спробы былі яшчэ летась, але тады нас стрымлівалі і ЗША, каб гэта не паўплывала на сусветны нафтавы рынак, не змяніла настроі амерыканскіх выбаршчыкаў.

Мы былі вымушаныя прыслухоўвацца, усё ж ЗША — наш партнёр. Па-другое, вясной ужо гэтага года, у сакавіку, была дасягнутая дамоўленасць наконт паэтапнага спынення агню. У прыватнасці, ішла гаворка пра тое, каб спыніць агонь на моры і спыніць удары па аб’ектах энергетыкі. І некалькі месяцаў украінскі бок выконваў гэтыя нефармальныя дамоўленасці. Калі Расія пачала парушаць, тады і ўкраінскі бок пачаў адказваць. Таму дакладныя ўдары па расійскіх НПЗ — гэта тэндэнцыя, якая выявілася ўжо пачынаючы з лета.

За гэтыя месяцы вынікі вельмі ўражваюць. Па-першае, істотнае зніжэнне аб’ёмаў нафтаперапрацоўкі, што само па сабе з’яўляецца ўдарам па расійскай эканоміцы. У тым ліку — і па магчымасці забяспечваць нафтапрадуктамі расійскае войска, што немалаважна.

Бо ўдары наносяцца па тылавых рэгіёнах, якія блізкія да лініі фронту, да зоны баявых дзеянняў. Па акупаваных тэрыторыях, у прыватнасці — па Крыме. Гэтыя ўдары прывялі да таго, што як мінімум у 10 рэгіёнах Расійскай Федэрацыі ўзнік дэфіцыт бензіну.

Гэта абсалютна новая гісторыя. Расія, якая з’яўляецца адной з найбуйнейшых краін, што здабываюць нафту, адным з лідараў на сусветным нафтавым рынку, сутыкнулася з дэфіцытам бензіну. Гэтая сітуацыя ўплывае на настроі расійскіх грамадзян. Паводле апошніх звестак, пэўныя праблемы, у тым ліку рост цэн на нафтапрадукты, праяўляюцца нават у Маскоўскім рэгіёне. Хваля ўжо даходзіць да галоўнага цэнтра Расіі. Цалкам магчыма, што колькасць такіх рэгіёнаў будзе павялічвацца. Бо Украіна працягвае ўдары па расійскіх НПЗ.

У Расіі цяпер прымаюць меры. Яны стараюцца нейтралізаваць украінскія ўдары. Але пакуль для Украіны гэта застаецца галоўнай мэтай. Гэта спосаб паступовага прымушэння Расіі да міру. РФ прызвычаілася сама прымушаць да міру на сваіх умовах. А цяпер і мы спрабуем прымушаць Расію да міру.

Але да міру рэальнага. Хуткага выніку тут не будзе. Але сама тэндэнцыя відавочная. Пакуль ідзе гаворка пра ўдары баявымі дронамі. Калі Расія б’е па Украіне з дапамогай ракетнай зброі (менавіта ракетныя ўдары найбольш эфектыўныя), то ўкраінскі бок вымушаны выкарыстоўваць толькі БПЛА. Але яны ўжо залятаюць на вельмі вялікую адлегласць: да 2000 км за Урал.

У Расіі дагэтуль не могуць у гэта паверыць. Падазраюць Казахстан і гэтак далей. Яны не могуць прызнаць, што Украіна дасягнула ўражлівых поспехаў у развіцці тэхналогій паветранай вайны, баявых дронаў.

Большасць удараў наносіцца па рэгіёнах у еўрапейскай частцы РФ, якія бліжэй да зоны баявых дзеянняў, альбо стратэгічна значных — найбуйнейшых расійскіх НПЗ. Паводле розных звестак, скарачэнне нафтаперапрацоўкі адбылося на трэць. Гэта паказчыкі, якіх раней не было.

Заўважу, што называюцца розныя лічбы. Афіцыйнай статыстыкі тут няма, але сам факт, што шэраг расійскіх рэгіёнаў адчувае дэфіцыт бензіну, растуць цэны на паліва, — гэта ўскосныя прыкметы паліўнага крызісу, якія з’яўляюцца вынікам эфектыўных удараў па расійскіх НПЗ. Для нас гэта форма асіметрычнага ўздзеяння на Расійскую Федэрацыю.

У нас у свой час была папулярнай ідэя нанесення ўдараў па Маскве. Але сталіца Расіі знаходзіцца пад вельмі шчыльным кальцом прыкрыцця сістэмы супрацьпаветранай абароны яшчэ з часоў СССР.

Але, як паказала практыка, вельмі многія расійскія вайсковыя аб’екты, заводы, НПЗ не маюць такой абароны, чым украінскі бок і карыстаецца, наносячы ўдары ў гэта слабае месца. Асіметрычным шляхам ЗСУ наносяць найвялікшы ўрон Расіі, аслабляючы яе патэнцыял для працягу вайны.

— Лукашэнка пастаўляе бензін у РФ. Чым гэта для яго можа абярнуцца?

— З Лукашэнкам сітуацыя больш складаная, больш супярэчлівая. Зразумела, што ў дадзеным выпадку ён паказвае, наколькі выгадны і важны для Расіі. Што з ім трэба дамаўляцца. Можна быць упэўненым, што ён яшчэ многае паспрабуе выбіць у Пуціна ў абмен на гэтую дапамогу. Гэта не дабрачыннасць. Гэта і элемент палітычнай гульні з боку Лукашэнкі.

Што да Украіны, то наш інтарэс у тым, каб Беларусь не ўступала ў вайну супраць нас. Адпаведна, Украіна не наносіць удараў па тэрыторыі Беларусі. Але да дзеянняў Лукашэнкі мы ставімся натуральным чынам: ён з’яўляецца саюзнікам Пуціна. Ён нясе сваю адказнасць за гэтую вайну.

Украіна можа біць па лагістыцы. У тым ліку па лагістыцы паставак нафтапрадуктаў. Такія ўдары ўжо былі па нафтаправодзе «Дружба». Нешта падобнае можа быць і ў перспектыве.

Таму ў нас стаўленне да дзеянняў Лукашэнкі, вядома ж, негатыўнае, пра яго дваістасць мы даўно ведалі.

Цяпер у амерыканцаў ёсць ілюзія, што Лукашэнку можна выкарыстоўваць у камунікацыі з Пуціным для спынення вайны ва Украіне. Думаю, што гэта відавочна неадэкватнае і завышанае чаканне. Ва Украіне такіх ілюзій адносна Лукашэнкі даўно няма.

Калі Лукашэнку выкарыстоўваюць, то ціснуць на розныя балючыя пункты, папярэджваючы, што спроба ўцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны вельмі дрэнна скончыцца найперш для самога Лукашэнкі. І ён гэта разумее.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках