Ілінойс і Чыкага падалі ў суд на Трампа
3- 6.10.2025, 20:10
- 8,698
З-за ўводу Нацгвардыі.
Штат Ілінойс і горад Чыкага ў панядзелак падалі ў суд на адміністрацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пасля яго рашэння накіраваць у штат 300 байцоў Нацыянальнай гвардыі, паведамляе CNN.
«Адпраўка адказнікамі федэральных войскаў у Ілінойс з’яўляецца відавочна незаконнай. Пазоўнікі просяць суд спыніць незаконную, небяспечную і неканстытуцыйную федэралізацыю сябраў Нацыянальнай гвардыі Злучаных Штатаў», — гаворыцца ў іску.
У іску, пададзеным у акружны суд ЗША ў Ілінойсе, сцвярджаецца, што разгортванне войскаў Нацгвардыі палітычна матываванае. Там таксама сцвярджаецца, што Трамп неаднаразова дапускаў «пагрозлівыя і прыніжальныя» выказванні пра Чыкага і штат Ілінойс. Сярод адказнікаў — прэзідэнт, міністр унутранай бяспекі Крысці Ноэм і міністр абароны Піт Хегсет.
У Белым доме 5 кастрычніка паведамілі, што прэзідэнт Дональд Трамп распарадзіўся накіраваць 300 байцоў Нацыянальнай гвардыі ў Ілінойс. Рашэнне было прынята на фоне «працяглых жорсткіх беспарадкаў і беззаконня, якія мясцовыя ўлады адмаўляюцца спыняць».
У Чыкага, як і ў іншых гарадах ЗША, працягваюцца пратэсты супраць пашырэння прысутнасці федэральных сіл і маштабных антыміграцыйных рэйдаў, якія праводзяць супрацоўнікі іміграцыйнай і мытнай паліцыі (ICE).