5 снежня 2025, Пятніца, 7:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Аддайце палітвязням мільёны, якія траціце на ахову Ціханоўскай

42
Наталля Радзіна: Аддайце палітвязням мільёны, якія траціце на ахову Ціханоўскай
Наталля Радзіна

Як можна думаць пра свой камфорт, калі столькі беларусаў у бядзе?

Лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч знік пасля таго, як 11 верасня 2025 года адмовіўся пакінуць краіну ў межах дэпартацыі палітвязняў у Літву, узгодненай з ЗША.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна апублікавала допіс у «Фэйсбуку», у якім б'е трывогу аб стане Мікалая Статкевіча.

«Сёння роўна месяц. Месяц, як нічога не вядома пра лёс Мікалая Статкевіча, які адмовіўся ад дэпартацыі з Беларусі і аддаў перавагу турме, але не пакінуў радзіму. І гэта сапраўды ўчынак лідэра і Чалавека. Хто ведае, праз які ад ён цяпер праходзіць з хворым сэрцам…

У гэты ж час тая, што называе сябе «нацыянальным лідарам», Ціханоўская істэрыць з-за страты аховы коштам у мільён еўра на тэрыторыі бяспечнай дэмакратычнай Літвы і шукае іншых дурняў, гатовых выкласці такія грошы на яе ўтрыманне. Замест таго, каб аддаць гэты мільён на дапамогу тым жа палітвязням, якіх выкідваюць з краіны ў адной турэмнай робе.

Вас яшчэ цікавіць пытанне, хто сапраўдны лідар?» — напісала беларуская журналістка 11 кастрычніка.

Пра тое, што цяпер адбываецца з лідэрам беларускай апазіцыі і што трэба рабіць дзеля выратавання яго і іншых палітвязняў, Наталля Радзіна расказала ў інтэрв'ю сайту Charter97.org:

— Сапраўды, прайшоў ужо месяц, як нам нічога не вядома пра лёс Мікалая Статкевіча — рэальнага лідэра беларускай апазіцыі. Было толькі некалькі заяваў аб занепакоенасці з боку еўрапейскіх структур. Я, напрыклад, не бачыла заяваў з боку адміністрацыі прэзідэнта ЗША, якія цяпер вядуць дыялог з рэжымам Лукашэнкі адносна вызвалення палітвязняў. А менавіта амерыканскія дыпламаты, калі ўжо яны ўдзельнічаюць у гэтым працэсе перамоваў, павінны ў першую чаргу быць занепакоеныя сітуацыяй з Мікалаем Статкевічам.

Складаецца ўражанне, што яны баяцца раззлаваць Лукашэнку лішнім словам або дзеяннем. Інакш ён не вызваліць іншых палітвязняў. Але гэта толькі сведчыць, што яны зусім не разумеюць, хто такі Лукашэнка. А дыктатар разумее толькі мову сілы. Калі не ставіць яму жорсткіх умоў адносна вызвалення ўсіх палітвязняў, адносна таго, што людзей не павінны дэпартаваць з краіны, а павінны даваць ім магчымасць заставацца жыць на радзіме, — вы нічога ад гэтага дыктатара не даб'яцеся.

Мы бачым, што адных палітвязняў вызваляюць, а потым саджаюць у турмы ў тры разы больш людзей. І колькі тады будуць весціся гэтыя перамовы з рэжымам Лукашэнкі? Вызваляць самых вядомых і забудуцца пра ўсіх астатніх?

Я перакананая, што з Лукашэнкам трэба размаўляць жорстка, патрабаваць ад яго спыніць дэпартацыю палітвязняў, неадкладна і безумоўна вызваліць усіх вязняў сумлення і спыніць рэпрэсіі супраць насельніцтва. Калі гэтага не будзе зроблена — ніякія санкцыі з рэжыму Лукашэнкі здымаць нельга. Гэта будзе выглядаць як заахвочванне далейшых здзекаў з беларусаў.

— Далей у сваім допісе вы згадваеце рэакцыю Ціханоўскай на змяншэнне фізічнай аховы з боку Літвы. Чым паказальная гэтая сітуацыя?

— Я не магла не звярнуць увагу на гэты кантраст. З аднаго боку — Мікалай Статкевіч, які ахвяруе сваім жыццём дзеля беларусаў. І не трэба мне распавядаць, што гэта бессэнсоўнае самаафіраванне. Гэта гераічны ўчынак, якім Мікалай Статкевіч натхніў беларусаў як унутры краіны, так і за мяжой.

Я нядаўна размаўляла з адным дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны, і ён сказаў: «Я зноў паважаю беларускую апазіцыю». То-бок Мікалай Статкевіч вярнуў гонар беларускім дэмакратычным сілам.

І вось адначасова, на гэтым фоне, калі мы не ведаем, што з 69-гадовым апазіцыйным палітыкам, калі мы непакоімся за яго здароўе — ці жывы ён, бо ў яго сур'ёзныя праблемы з сэрцам, арытмія — гэта не жарт, гэта сапраўды вельмі небяспечна, — з'яўляецца інфармацыя, што Літва вырашыла скароціць выдаткі на ўтрыманне Святланы Ціханоўскай. І гэта становіцца галоўнай навіной ва ўсіх беларускіх медыя.

На маю думку, улады Літвы зрабілі заканамерны і абсалютна лагічны крок пасля пяці гадоў з моманту прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Але гэта выклікала бурную рэакцыю з боку офіса Ціханоўскай. Шчыра кажучы, проста сорамна за гэтых людзей. Яе не пакідаюць на волю лёсу, яе будзе ахоўваць паліцыя, яна застаецца ў статусе спецыяльнай госці ў Літве. Так, не будзе тых лімузінаў з мігалкамі, не будзе кругласутачнай аховы, не будзе побач трох бодыгардаў. І ў чым праблема? Я бачу, што для гэтых людзей гэта ў першую чаргу пытанне не бяспекі, а статусу. І не болей за тое.

Як жа яшчэ падкрэсліць сваю «важнасць», калі побач не будзе трох ахоўнікаў, ты не будзеш ездзіць у кортэжах і жыць у доме, прадастаўленым урадам Літвы?

Сітуацыя насамрэч абсурдная. Такога ніколі не было ў беларускай апазіцыі. За 28 гадоў працы журналісткай я ведала ўсіх лідараў беларускай апазіцыі, уключаючы першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. І ні ў каго не было аховы, ніхто не жыў за кошт замежнай дзяржавы.

— Вы ж сустракаецеся з апазіцыйнымі лідарамі і дысыдэнтамі з іншых краін — Азіі, Лацінскай Амерыкі. Ці сустракалі вы калі-небудзь падобную ахову?

— Не, ніколі. Я ўдзельнічаю ў Сусветным кангрэсе свабоды (World Liberty Congress), куды з'язджаюцца дысідэнты з усіх краін свету. І ніхто з іх не ходзіць пад аховай. Мы, апынуўшыся ў эміграцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, той жа кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, які перамог Лукашэнку на выбарах, не атрымлівалі ад еўрапейскіх урадаў ніякай аховы і жылля. Мы ўсе жывём у сціплых арандаваных кватэрах, ездзім грамадскім транспартам, ніхто нас не ахоўвае. Бо мы знаходзімся на тэрыторыі свабодных, дэмакратычных і бяспечных дзяржаў. У нас ёсць палітычны прытулак, і гэтага дастаткова. Увогуле дэмакраты — людзі сціплыя, а дыктатары вельмі любяць жыць у раскошы. І дзіўна, што ахова і кортэжы з лімузінамі сярод беларусаў ёсць толькі ў Лукашэнкі і ў Ціханоўскай.

— Літоўскае медыя LRT прыводзіць даныя, што Літва траціла каля аднаго мільёна еўра на год на ахову Ціханоўскай.

— Сумы ўражваюць. Мільён еўра на год! Плюс, наколькі я разумею, яшчэ выдаткі на VIP-залы ў аэрапортах. То-бок эканом-класам мы ніяк не можам лятаць — абавязкова бізнэс-клас, яшчэ і з наведваннем VIP-залаў. Пра што тут можна гаварыць? Усё гэта адбываецца на фоне таго, што сёння з турмаў выходзіць вялікая колькасць людзей і іх выкідваюць з краіны за мяжу без рэчаў і грошай.

І вось на гэтым фоне — людзі, якія трацяць такія грошы на ўласны камфорт. Гэтыя грошы трэба аддаць палітвязням! Як можна думаць пра свой камфорт, калі столькі беларусаў у бядзе. Уявіце, колькі можна было б падтрымаць людзей, якіх выкідваюць з краіны, якія прыязджаюць у адной турэмнай робе, з паламаным здароўем. Яны не могуць адразу ж ісці працаваць, ім няма дзе жыць, яны фізічна знясіленыя. Дайце гэтыя грошы ім. Колькі людзей можна было б падтрымаць у першыя месяцы! Я ўжо маўчу пра бежанцаў — колькі людзей працягвае ўцякаць з Беларусі. Сярод іх старыя, інваліды, людзі, якім патрэбна дапамога.

Вось на што трэба траціць грошы — на падтрымку ўразлівых груп, а не на сябе любімых, калі вы хочаце называцца лідарамі апазіцыі. Але, відаць, гэта не пра гэтых людзей.

— На волю выхадзяць людзі, якія шмат у чым рыхтавалі пратэсты 2020 года, былі непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей. Ці можа сітуацыя змяніцца? Ці могуць гэтыя людзі ўзяць на сябе лідарства і стаць альтэрнатывай тым структурам, якія сябе дыскрэдытавалі?

— Могуць і павінны, безумоўна. Бо яны маюць на гэта маральнае права і сёння валодаюць сур'ёзнай палітычнай вагой.

Яны маюць давер з боку людзей. Я лічу, што палітвязні — гэта будучыня беларускай нацыі. Заўсёды казала, калі мяне пыталі, хто лідарамі беларускай апазіцыі: гэта палітвязні, яны цяпер знаходзяцца ў турмах.

І я ўпэўненая, што менавіта былыя палітвязні стануць у будучыні дэпутатамі беларускага парламента, мэрамі беларускіх гарадоў.

Хтосьці з іх стане і прэзідэнтам Беларусі — калі ў нас яшчэ застанецца гэты пост. Бо гэта людзі прынцыповыя, людзі, што адцярпелі за свае погляды. І яны ніколі не дапусцяць вяртання дыктатуры ў Беларусь. Бо самі ведаюць, наколькі гэта страшна.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках