21 снежня 2024, Субота, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чую, як лекарка проста крычыць на майго бацьку»

16
«Чую, як лекарка проста крычыць на майго бацьку»

Пацыенты ў Светлагорску скардзяцца на паводзіны лекаркі, але адміністрацыя паліклінікі разводзіць рукамі.

Жыхарка Светлагорска Валерыя адвяла бацьку да афтальмолага ў раённай паліклініцы, але засталася незадаволеная прыёмам. Жанчына сцвярджае, што лекарка ім грубіла. Пра гэта беларуска напісала ў групе «Светлогорск обо всем» ва «УКантакце». Высветлілася, пытанні да гэтай медычкі ёсць не толькі ў яе, падкрэслівае «Люстэрка».

«Лекарка проста крычыць на майго бацьку»

Як піша Валерыя, яе бацька нейкі час таму перанёс інфаркт і інсульт. Пасля гэтага ў мужчыны знікла маўленне. Таму светлагарчанка і пайшла з ім на прыём да афтальмолага.

– Бацьку трэба было прайсці медкамісію МРЭК (медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія выносіць пастановы аб прысвойванні інваліднасці. – Заўвага.), – піша Валерыя. – Заходзім мы да гэтай жудаснай лекаркі. Яна пачынае наязджаць на мяне: «Ён што, сам хадзіць не можа? Чаму вы тут?» Я спакойна тлумачу, што мой бацька не гаворыць і яму патрэбен суправаджальнік, што мы праходзім камісію на МРЭК. На што лекарка мне кажа: «А як я павінна яго правяраць, калі ён не гаворыць?» Я прамаўчала.

Паводле словаў беларускі, пасля гэтага яна дала медычцы ўсе неабходныя дакументы і пачала ўдакладняць, ці трэба што-небудзь яшчэ. Але тая стала «крычаць і выганяць з кабінета». Тады Валерыя выйшла і пастанавіла пачакаць бацьку ў калідоры.

– Седзячы там з іншымі пацыентамі, я чую, як гэтая некампетэнтная лекарка крычыць, проста крычыць на майго бацьку, які не можа ёй адказаць, – апісвае сітуацыю жанчына. – Ён спрабуе, а яна проста крычыць на ўвесь кабінет, што не разумее яго. Гэта самае жудаснае стаўленне [да пацыента], якое я калі-небудзь бачыла. Крычаць на хворага чалавека, які не можа гаварыць і ёй адказваць, проста недапушчальна.

Як адзначыла жанчына, яе бацька ў кабінеце доўга не затрымаўся, «проста куляй» вылецеў адтуль і «пакруціў [пальцам] ля скроні». Светлагорчанка пайшла скардзіцца загадчыцы паліклінікі.

– Мяне пачулі, але сказалі, што нічога зрабіць не могуць, бо яна адзіны супрацоўнік, – абураная Валерыя. – Скаргі на яе ідуць штодня, але звольніць не могуць.

Паводле словаў беларускі, у той вечар яе бацьку стала дрэнна, давялося выклікаць хуткую. Жанчына ўпэўненая, што гэта звязана з наведваннем афтальмолага, і мяркуе, што медычка «нанесла шкоду здароўю яе бацькі».

21 жніўня Валерыя напісала скаргу галоўнай лекарцы Светлагорскай ЦРБ, да якой адносіцца паліклініка (фота дакумента ёсць у каментарах да допісу), але пакуль не атрымала адказу. Паводле закону «Аб зваротах грамадзянаў» яе скаргу павінны разгледзець цягам 15 дзён. Але калі для гэтага патрэбныя «дадатковае вывучэнне і праверкі», тэрмін адказу павялічваецца да месяца.

«А гэта не першы раз, у мяне было гэтак сама»

Пост Валерыі аказаўся даволі папулярным у гарадскім пабліку – у яго 270 рэакцый і блізу сотні каментароў. Для параўнання: у іншых публікацыях актыўнасць у разы меншая.

Светлагорчане актыўна падзяляюць абурэнне жанчыны і раяць зямлячцы, да каго звяртацца далей. Шмат хто кажа, што трэба пісаць «вышэй», хтосьці нават прапануе ісці ў суд. Знайшліся і іншыя пацыенты згаданага афтальмолага.

Як шмат лекараў не стае ў Беларусі?

Развязаць праблему з нястачай медыкаў у Беларусі не атрымліваецца ўжо не першы год. Паводле апошніх звестак, на 21 чэрвеня ў цэлым у краіне не ставала 4993 лекары-спецыялісты. У траўні гэты лік быў меншы – тады вакантнымі былі 4884 месцы.

Сярод прычынаў такой сітуацыі – ад'езд спецыялістаў на працу за мяжу, узровень заробкаў (яны ніжэйшыя за сярэднія ў краіне), а таксама затрыманні і арышты.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках