Беларусь засталася без кіроўцаў
6- 13.09.2024, 10:57
- 13,280
Дэфіцыт складае да 60%.
Прыватныя кампаніі, якія займаюцца арганізацыяй пасажырскіх перавозак, адчуваюць вялікі дэфіцыт кіроўцаў. Нястача складае 60%, гэта 11 тысяч чалавек, прыводзіць словы старшыні Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў пасажыраў Кацярыны Станкевіч рэсурс Office Life. Размова ідзе аб колькасці кіроўцаў, якія патрэбны прадпрыемствам, каб працаваць, поўнасцю выконваючы рэжым працы і адпачынку.
Станкевіч таксама расказала, што сярэдні ўзрост кіроўцаў у прыватных арганізацыях сёння складае 42 гады, а ў дзяржаўных — 50 гадоў.
Праблема нястачы кіроўцаў пачала ўтварацца яшчэ ў 2012 годзе, калі Польшча і Літва змянілі заканадаўства. Беларусам стала прасцей атрымаць дазвол на працу кіроўцам вялікагрузаў. Апошнім часам праблем дадало тое, што на дарогах стала больш праверак.
«Ну вось уявіце, кіроўца па сваім маршруце захоплівае тры раёны і ў кожнага з іх свой транспартны кантроль», - распавядае Станкевіч. Ёсць яшчэ праверкі рэвізорскай службы аператара, ДАІ, транспартнай інспекцыі і падатковай. «У выніку за маршрут на 35 км кіроўца мог патрапіць на дзевяць праверак!» - адзначае спецыяліст. Паводле ейных слоў, зараз у сферы перавозак стала шмат мігрантаў. Прыезджыя атрымліваюць візы на будаўніцтва, а потым ідуць працаваць кіроўцамі.
«Што да аплаты працы, то часцяком перавозчык сутыкаецца з дылемай: менш заплаціць і ўзяць менш дасведчанага кіроўцу альбо зэканоміць на запчастках. І тое і тое ўплывае на бяспеку пасажыраў», - адзначае Кацярына Станкевіч.