29 чэрвеня 2024, Субота, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самазванец баіцца закрыцця мяжы з Польшчай

23
Самазванец баіцца закрыцця мяжы з Польшчай

Наступствы будуць маштабнымі.

Польшча папярэдзіла, што разглядае магчымасць закрыць рэшту пераходаў на мяжы з Беларуссю. Афіцыйны Менск адрэагаваў – з заяў вынікае, што беларускія ўлады не зацікаўленыя ў поўнай блакадзе мяжы, піша nashaniva.com.

Ад прапановы адкрыць «Баброўнікі» да думак аб поўным закрыцці мяжы адзін крок

За апошнія месяцы рыторыка польскага боку датычна мяжы з Беларуссю змянілася на 180 градусаў. Месяц таму польскі прэм'ер Дональд Туск заяўляў, што Польшча можа аднавіць працу памежнага пункта «Баброўнікі» («Бераставіца»).

«Найбліжэйшым часам разгледзім магчымасць адкрыцця памежнага пераходу «Баброўнікі» для пасажырапатоку. Я цалкам падтрымліваю гэта!» – казаў Туск 25 траўня.

Не прайшло і месяца, як 22 чэрвеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Польшча разглядае магчымасць закрыць астатнія пераходы на мяжы з Беларуссю.

На радыкальную змену пазіцыі відавочна паўплываў той факт, што праз некалькі дзён пасля прапановы аднавіць працу «Баброўнікаў» польскія памежнікі атрымалі траўмы, спрабуючы спыніць спробы групы мігрантаў прарвацца праз мяжу.

Адзін польскі жаўнер, паранены мігрантам на беларускай мяжы, пазней сканаў.

Са слоў міністра замежных спраў Польшчы, на заклік знайсці і выдаць забойцу памежніка Беларусь адказала абвінавачваннямі. Аднак пасля таго як Польшча прыстрашыла поўнасцю закрыць рух праз мяжу, рыторыка Менска змянілася.

Чаму для ўладаў гэта балючае пытанне

Заява міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка сведчыць аб тым, што рэжым не хоча даводзіць сітуацыю да поўнага закрыцця мяжы.

«У гэтых умовах адзіны шлях дээскалацыі – гэта шлях да дыялогу. Калі Польшча да гэтага гатовая, хаця б у пытаннях памежнага супрацоўніцтва, супрацоўніцтва, якое згорнутае на ініцыятыву польскага боку і іншых еўрапейскіх партнёраў, то мы гатовы гэтыя тэмы абмяркоўваць. Але, безумоўна, на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове», – казаў Алейнік.

Хаця не абышлося і без папрокаў у польскі бок.

З рэакцыі афіцыйнага Менска можна зразумець, што для ўладаў пытанне закрыцця мяжы з Польшчай балючае.

Справа ў тым, што менавіта «Казловічы» зʼяўляюцца асноўнай брамай для дастаўкі грузаў у абодва бакі.

Два літоўскія і адзін латвійскія пункты пропуску разам узятыя прапускаюць праз сябе нашмат менш грузавікоў, чым адзін польскі.

Так, на 24 чэрвеня, праз «Казловічы» праехала 773 фуры ў адзін бок.

У той жа час праз «Беняконі» – 98, «Каменны Лог» – 49, «Грыгарʼеўшчыну» – 63. Разам – 210 вялікагрузаў. Гэта ў 3,7 раза менш, чым праз адзіны дзейны грузавы пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы.

Таму, калі Польшча наважыць яго закрыць, і без таго складаная сітуацыя з дастаўкай грузаў можа мець катастрафічныя маштабы.

У такім выпадку грузавікам давядзецца праводзіць у чэргах ужо не тыдні, а месяцы. Гэта, у сваю чаргу, моцна адабʼецца на кошце дастаўкі, як гэта ўжо адбывалася пасля закрыцця іншых пунктаў пропуску.

Эканоміка патрабуе адкрытых межаў

Экспэрт BEROC Анастасія Лузгіна зазначае, што поўнае закрыццё руху грузаў і пасажыраў праз беларуска-польскую мяжу будзе адчувальным для нашай эканомікі.

«Нягледзячы на тое, што Беларусь ужо страціла ранейшыя пазіцыі як транзітная краіна, грузы ідуць як з Еўропы, так і ў Еўропу. Магчымае закрыццё ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Польшчай адабʼецца на абʼёмах гандлю, бо на астатніх пунктах пропуску будзе калапс», – уважае эканамістка.

Таксама могуць пацярпець прадпрыемствы, якім неабходныя розныя кампаненты, сыравіна, абсталяванне, якія пастаўляюцца з Еўропы. Гэта можа прывесці не толькі да падаражэння канчатковага прадукту, але і да зніжэння яго якасці, а дзесьці, магчыма, і скарачэння вытворчасці.

«Праз адсутнасць фізічнай магчымасці прыняць і адправіць грузы прадпрыемствам, якія яшчэ працуюць з Еўропай, давядзецца пераарыентавацца на Расею і краіны Азіі», – зазначае эканамістка.

Таксама ад закрыцця межаў зазнае страты і транспартны сектар – як грузавы, так і пасажырскі. Аўтобусы і маршруткі ў Еўропу будуць вымушаны скарачаць колькасць паездак.

Сітуацыя закране і так званы памежны бізнэс, які ў Берасці ўсё яшчэ дастаткова актыўны.

Візіт Дуды ў Кітай і пытанне мяжы

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на нядаўняй сустрэчы з Сі Цзіньпінам закрануў тэму крызісу на мяжы з Беларуссю.

«Кітай спадзяецца, што абодва бакі будуць ставіцца адзін да аднаго з павагай і развяжа праблему шляхам кансультацый, каб пазбегнуць эскалацыі напружанасці», – адзначылі ў кітайскім МЗС.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках