У Швэйцарыі расейскі дыпламат спрабаваў набыць зброю перад Глабальным самітам міру
11- 18.06.2024, 19:54
- 8,008
Ён ужо пакінуў Швэйцарыю.
Швэйцарскія органы бяспекі перашкодзілі расейскаму агенту, які працаваў дыпламатам у Берне, набыць зброю і «небяспечныя рэчывы» за некалькі тыдняў да Глабальнага саміту мірк.
Пра гэта паведамляе Tages-Anzeiger.
Паводле інфармацыі спецслужбаў, расейскі агент «спрабаваў набыць зброю і небяспечныя рэчывы ў некалькіх месцах у Швэйцарыі». Сярод іншага, ён наведаў краму, якая належыць швэйцарска-нямецкаму гандляру зброяй, але нічога не набыў.
Праваахоўнікі ў рамках расследавання правялі некалькі ператрусаў у дамах. Невядома, ці арыштавалі кагосьці і ці знаходзіцца нехта пад вартай.
Расейскі шпіён у Швэйцарыі падазраецца ў парушэнні законаў аб ваенных матэрыялах і аб забароне экспарту зброі. Яшчэ адзін падазраваны знаходзіцца пад следствам паводле падазрэння ў парушэнні заканадаўства аб кантролі тавараў.
Генеральная пракуратура Швэйцарыі ўжо звярнулася ў Федэральны дэпартамент замежных справаў з просьбай дазволіць адкрыць крымінальную вытворчасць супраць дыпламата, нягледзячы на ягоны імунітэт перад законам.
Паводле інфармацыі выдання, расейскі дыпламат ужо пакінуў Швэйцарыю.