22 кастрычнiка 2024, aўторак, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Uber канчаткова знікне з Беларусі

5
Uber канчаткова знікне з Беларусі

Яго заменіць "Яндэкс" пад новым прыкрыццём.

Мабільныя дадаткі агрэгатару таксі Uber BY 14 чэрвеня змянілі назву на Fasten. Змянілася і абразок праграмы: на лагатып Uber накладваецца нешта падобнае на лога Facebook. Гэта не райдэрскі захоп, гэта “Яндэкс” мяняе маску, перадае “Белсат”.

У траўні расейская кампанія “Яндэкс” падала заяўку на рэгістрацыю ў беларускім Нацыянальным цэнтры ўласнасці гандлёвага знака Fasten. Пад гэтым знакам прасілі дазволіць 12 класаў паслуг і продажы тавараў, ад транспарту да спартовых тавараў. Яшчэ да падачы заяўкі з'явіўся сайт пад гэтым знакам, які стварыла юрыдычная асоба расейскага «Яндэкса" ў Беларусі - кампанія "Белга Карп".

Fasten - агрэгатар таксі расейска-амерыканскага паходжання: яго ў 2015 годзе запусціў у Злучаных Штатах расейскі бізнесэвец. У 2021 годзе "Яндэкс" купіў актывы кампаніі "Везёт", якой належаў Fasten. У тым жа годзе "Яндэкс" пачаў выкупляць дзелі ў сумпольных праектах з Uber.

"Яндэкс.Таксі" ў 2017 годзе стала супольным праектам "Яндэкса" і Uber у Расеі, Беларусі, Казахстане, Грузіі, Азербайджане і Арменіі. Праз аб'яднанне кампаній у Беларусі ў 2018 годзе ўзнікла блытаніна: выклікаеш Uber - прыязджае “Яндэкс”. Сэрвісы перавялі на адну платформу, але пакінулі розныя праграмы для карыстальнікаў. Тады жартавалі пра “Яндубер” і “Убрандэкс”. Пазней жарт матэрыялізаваўся: для Беларусі запусцілі спецыяльную праграму Uber BY, якой кіраваў “Яндэкс” і якая ў Google Play Store мела кодавы назоў “ru.yandex.uber_by”.

У 2023 годзе "Яндэкс" выкупіў дзель Uber у "Яндэкс.Таксі" за 703 млн даляраў. Цяпер "Яндэкс.Таксі" называецца "Яндэкс.Go".

Чаму "Яндэкс" надумаў адмовіцца ад брэнда Uber BY на карысць Fasten, невядома. Гэта можа быць звязана як дамовамі з Uber, так і з нейкімі іншымі чыннікамі – магчыма нават, з планамі на глабальны рэбрэндынг таксі “Яндэкса”(якое з-за расейскага паходжання патрапіла пад забарону ў Эстоніі).

А можа быць неяк звязана і з тым, што ў Беларусі прапануюць стварыць дзяржаўнага аператара таксі. Але пра перайменаванне на момант публікацыі нічога не паведамлялі ні Uber, ні "Яндэкс".

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках