У Варшаве затрымалі жанчыну, якая збіла беларуску
- 9.05.2024, 10:55
- 14,862
Заведзеная крымінальная справа.
У Варшаве затрымалі жанчыну, якая ў канцы красавіка збіла беларуску за расейскую мову. Яе абвінавацілі ў абразе асобы і парушэнні цялеснай недатыкальнасці з-за нацыянальнай прыналежнасці, з хуліганскіх памкненняў, паведамляе «Польскае радыё».
«Жанчына, пачуўшы размову грамадзянкі Беларусі, абразіла яе, выкарыстаўшы абразлівыя і нецэнзурныя словы ў дачыненні да яе паходжання, і з той жа прычыны парушала яе цялесную недатыкальнасць, цягаючы за адзенне і валасы, плюючы ў яе бок. Адразу пасля таго, як яна пакінула месца здарэння, у аддзяленне паліцыі паступіла паведамленне аб магчымасці ўчынення правапарушэння», - распавяла прадстаўніца паліцыі з раёна Воля.
Яна адзначыла, што супрацоўнікі ўзялі запісы з камер відэаназірання і ролік з інтэрнэту.
34-гадовую зламысніцу знайшлі ў раёне Бемава. У аўторак яе затрымалі і даставілі ў паліцыю. На яе завялі крымінальную справу за абразу і замах на цялесную недатыкальнасць з прычыны нацыянальнай прыналежнасці і з хуліганскіх памкненняў. За гэтае злачынства прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.