«Газпрам» пачаў распрадаваць маёмасць пасля рэкорднай у гісторыі страты
10- 8.05.2024, 21:02
- 7,028
Расейская кампанія пайшла на страту ўпершыню за 25 гадоў.
Атрымаўшы першую за 25 гадоў і рэкордную за ўсю гісторыю страту, «Газпрам» пачынае распродаж маёмасці.
У сераду кампанія абвесціла пра пошук пакупнікоў на буйныя аб'екты нерухомасці ў Маскве і Падмаскоўі. Сярод іх – офісныя будынкі на вуліцы Будаўнікоў, санаторна-курортны комплекс «Імперыял Парк гатэль & Спа» ў селішчы Першамайскае, вёска Рагозіна, нежылыя памяшканні першага паверха ў доме на Новачарушкінскай вуліцы, а таксама аўтастаянка на 96 месцаў каля галоўнага офіса кампаніі ў Маскве.
Пастанова прынятая «з улікам заканчэння пераезду кампаній Групы "Газпрам" у Санкт-Пецярбург», растлумачыла прэс-служба кампаніі.
Летась «Газпрам» атрымаў 629 млрд рублёў чыстай страты ў МСФС, даў справаздачу аб падзенні выручкі на 27%, а паказніка EBITDA – удвая. Газавы бізнэс кампаніі, якая аперуе найбуйнейшымі запасамі на планеце, стаў стратны (на 1,2 трлн рублёў за год), а запазычанасць «Газпрама» дасягнула рэкордных 6,65 трлн рублёў, перавысіўшы памер ліквіднай часткі Фонду нацыянальнага дабрабыту (5 трлн рублёў).
Адключыўшы газ большасці еўрапейскіх краінаў у няўдалай спробе дамагчыся саступак датычна Украіны, Крэмль пазбавіў «Газпрам» галоўнага рынку збыту, сувязі з якім выбудоўваліся амаль паўстагоддзя. Паводле вынікаў года «Газпрам» паставіў на экспарт толькі 69 млрд кубаметраў газу – мінімальны аб'ём з 1985 года. У параўнанні з 2022 годам аб'ёмы прапампоўвання за мяжу скараціліся яшчэ на траціну, а калі параўноўваць з даваеннымі ўзроўнямі – утрая. Пастаўкі ў Еўропу ўпалі да 28 млрд кубаметраў – узроўню другой паловы 1970-х гадоў