20 траўня 2024, панядзелак, 2:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Сенаце Польшчы адкрылі выставу пра Алеся Бяляцкага

2
У Сенаце Польшчы адкрылі выставу пра Алеся Бяляцкага
АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ

Выстава называецца «Я не баюся, няхай яны баяцца!»

«Я не баюся, няхай яны баяцца!» – так называецца выстава, прысвечаная беларускаму праваабаронцу, палітычнаму зняволенаму, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, якая адкрылася 8 траўня ў Сенаце Польшчы ў Варшаве. «Белсат» пабываў на адкрыцці.

«Гэтая выстава апісвае цяжкую, але паслядоўную барацьбу беларускага абаронцы правоў чалавека за дэмакратычныя вартасці - ад удзелу ў студэнцкім руху да Нобелеўскай прэміі міру», - адзначылі ў анатацыі да экспазіцыі.

Спікерка Сената Малгажата Кідава-Блоньска назвала выставу незвычайнай, бо яе галоўны герой - Алесь Бяляцкі - сам па сабе з'яўляецца незвычайнай і неардынарнай асобай.

«Ён не толькі герой Беларусі, ён - герой усёй Еўропы або, можна сказаць, усяго свету, бо сваім жыццём паказвае, наколькі могуць быць важнымі каштоўнасці, за якія змагаецца», - адзначыла ў прамове на адкрыцці выставы Малгажата Кідава-Блоньска. Яна нагадала, што Алесь Бяляцкі раней асабіста наведваў польскі Сенат, калі атрымліваў тут прэмію амбудсмэна і медаль Сената.

Цяпер, на жаль, пазнаёміцца з ім можна толькі пры дапамозе фатаграфій на выставе, заўважыла Малгажата Кідава-Блоньска:

«Бяляцкага асудзілі толькі за тое, што ён прагнуў стварыць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай краінай. За тое, што галоўнымі для яго былі правы чалавека і чалавечая годнасць. Ён ніколі не шукаў чагосьці глабальнага - проста хацеў, каб кожны чалавек у яго краіне мог адчуваць сябе ў бяспецы і кожны мог сябе рэалізаваць. Ён заплаціў вялікую цану толькі за мары аб свабоднай, дэмакратычнай Беларусі і зараз застаецца ў страшнай турме».

«У мяне такое ўражанне, што цяпер Беларусь стала турмой для ўсіх беларусаў і сховішчам для расейскіх агентаў. Гэта стварае пагрозу нашай свабодзе і дэмакратыі. Але, як казаў Алесь Бяляцкі, мы не баімся – няхай яны баяцца!» - дадала спікерка Сената Польшчы.

Экспазіцыя ў Сенаце складаецца з больш чым дзесяці вялікіх інфармацыйных стэндаў з тэкстамі і здымкамі Алеся Бяляцкага на розных этапах яго жыцця. Пасля адкрыцця сенатары і дэпутаты польскага Сейма фатаграфаваліся на фоне вялікага фота Бяляцкага, якое адкрывае выставу. Частка экспазіцыі аб барацьбе з рэжымам замыкае здымак праваабаронцы са Святланай Ціханоўскай.

«Алесь Бяляцкі - гэта легенда, гэта цэлая гісторыя! Мы бачыліся з ім шмат разоў, калі ён тут прымаў узнагароды. Я памятаю размовы з ім і ягонай жонкай Наталляй Пінчук. Я памятаю гэтую падтрымку, памятаю ягоны голас, ягоную рашучасць. Ён - сімвал свабоднай Беларусі», - казаў на мерапрыемстве старшыня камісіі ў замежных справах польскага Сената Гжэгаж Схетына, ініцыятар арганізацыі выставы.

Гжэгаж Схетына запэўніў, што Польшча заўсёды будзе падтрымліваць беларускую апазіцыю і тых, хто змагаецца за грамадзянскія правы і правы чалавека:

«Падтрымліваючы ўсіх тых, хто сёння з намі, хто працягвае смела змагацца за самае галоўнае ў нашым свеце, хачу сцвярджаць, што мы заўсёды будзем з вамі і заўсёды будзем пра гэта гучна гаварыць».

У рамках адкрыцця выставы быў паказаны дакументальны фільм «Правілы жыцця Алеся Бяляцкага».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках