Кітай значна падняў тарыфы на прамыя чыгуначныя перавозкі ў Беларусь
1- 8.05.2024, 11:02
- 4,766
Адначасова выраслі стаўкі марскіх фрахтаў з Кітая.
Кітай рэзка ўзняў тарыфы на прамыя чыгуначныя грузаперавозкі ў Расею і Беларусь, паведаміў транспартна-лагістычны партал Infotrans Media Belarus са спасылкай на звесткі экспедыцыйных кампаній.
У сярэднім цэны выраслі на $500-800 даляраў і больш у залежнасці ад станцыі адпраўлення.
«Рост коштаў звязаны з памяншэннем колькасці свабодных кантэйнераў у Кітаі, а таксама з вялікімі «заторамі», якія ўзніклі на межах з Кітаем», - адзначае партал.
Адначасова з ростам коштаў на чыгуначныя дастаўкі выраслі стаўкі марскіх фрахтаў з Кітая.
«Рост коштаў склаў ад $800-1000 да $1300-1500 у залежнасці ад порта адпраўлення. Пры гэтым большасць вольных месцаў на судах у траўні ўжо занятыя, і марскія лініі прапануюць вольныя месцы на суднах толькі на канец траўня - пачатак чэрвеня», - гаворыцца ў паведамленні.