19 траўня 2024, Нядзеля, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі амбасадар: Замест кіраўніка МЗС Беларусі гаварыў штучны інтэлект?

4
Украінскі амбасадар: Замест кіраўніка МЗС Беларусі гаварыў штучны інтэлект?
Ігар Кізім

Сяргей Алейнік ператварыўся ў рупар расейскай прапаганды.

Амбасадар Украіны ў асобых даручэннях у Беларусі Ігар Кізім у «Фэйсбуку» адрэагаваў на інтэрв'ю кіраўніка беларускага МЗС Сяргея Алейніка расейскаму прапагандысцкаму выданню РІА «Новости»:

- На жаль, няма поўнага тэксту інтэрв'ю нават на сайце іх МЗС, каб пацвердзіць, што гэта не гутарка са штучным інтэлектам, а менавіта з міністрам, якога я ведаў асабіста яшчэ з часоў працы ў Лондане.

Бо тое, што ён казаў, прынамсі — наконт Украіны і «міралюбства» Беларусі, няйначай як паралельнай рэальнасцю назваць цяжка. Магчыма, гэта разлічана на расейскае грамадства, якое ўжо даўно жыве ў «паралелльным свеце». Але навошта гэта беларусам?

Ігар Кізім вылучыў два асноўныя моманты ў інтэрв'ю Алейніка:

- Першы: «... з тэрыторыі Беларусь ніколі не зыходзіла і не будзе зыходзіць пагроза… З тэрыторыі Беларусі не можа будзе ажыццёўлена ніякая агрэсія». І ўсё гэта са спасылкай на Канстытуцыю і ваенную дактрыну (у якіх пра гэта гаворыцца). А тое, што 24 лютага 2022 года з тэрыторыі Беларусі пачалася шырокамаштабная расейская агрэсія супраць Украіны, гэта прымаецца да ўвагі? Гэта «што яшчэ»? Мяне б не здзівіла, калі б такія словы казаў бы ці прапагандыст, ці чалавек, які «не ў курсе спраў». Але ж нехта, а беларускі МЗС лепш за ўсіх ведае пра рэальную сітуацыю, у тым ліку — дзякуючы перададзеным у лютым-лістападзе 2022 года пасольствам Украіны дзясяткам афіцыйных нот, у якіх выказваліся рашучыя пратэсты аб адкрыцці кіраўніцтвам Беларусі беларуска-ўкраінскай мяжы для расейскіх захопнікаў і сотняў ракетна-бомбавых удараў расейскіх ВКС, якія ажыццяўляліся з беларускіх аэрадромаў у Лунінцы, Лідзе, Баранавічах, Мачулішчах і іншых.

Украінскі пасол мяркуе, што кіраўнік МЗС Беларусі "замыльвае вочы штампамі крамлёўскай прапаганды":

— Можа, правільней было б казаць аб парушэнні ваенна-палітычным кіраўніцтвам Беларусі артыкула 18 уласнай Канстытуцыі (не кажучы пра нашу двухбаковую Дамову аб сяброўстве), а не замыльваць вочы штампамі крамлёўскай прапаганды, якія ўжо ніхто ў свеце сур'ёзна не ўспрымае. І другая тэза — «дзверы Беларусі адчыненыя... для перамоў аб Украіне…». Скажу так. Яны сапраўды былі адчыненыя, а сведчаннем гэтага былі перамовы аб Данбасе ў 2014-2020 гадах у рамках Трохбаковай кантактнай групы. Але стаўшы «суагрэсарам» Беларусь сама гучна зачыніла гэтыя дзверы. Мяркую, што надоўга. А, магчыма, беларускім кіраўнікам неўзабаве самім спатрэбіцца горад для перамоў, дзе яны будуць тлумачыць сваю ролю ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Відавочна, што гэта будзе не Менск, і, дарэчы, не Масква, інтарэсы якой публічна «прасоўвае» ў медыяпрасторы беларускае знешнепалітычнае ведамства. На жаль. Шкада, Сяргей Фёдаравіч, што МЗС Беларусі ператвараецца ў рупар крамлёўскай прапаганды, і паступова страчвае свой, хаця і не зусім прыязны ў дачыненні да Украіны, але ўсё ж зразумелы ў цяперашняй сітуацыі «прабеларускі» стыль. Можа, сапраўды гэта той выпадак, калі дыпламату лепей было б прамаўчаць? Калі, безумоўна, такое яшчэ магчыма.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках