Беларусы рэкордна нарасцілі пазыкі ў чаканні дэвальвацыі
6- 31.05.2024, 15:32
- 7,202
Курс рубля абрынецца?
Пазыкі насельніцтва Беларусі па банкаўскіх крэдытах на 1 траўня склалі 21,9052 млрд рублёў. Гэта на 517,5 млн рублёў больш, чым месяцам раней, вынікае са звестак Нацбанка. Насельніцтва актыўна павялічвае пазыкі па крэдытах на спажывецкія патрэбы і на нерухомасць.
Агульная сума крэдытаў насельніцтва на спажывецкія патрэбы на 1 траўня склала 7,6636 млрд рублёў. Гэта на 210,3 млн рублёў больш, чым месяцам раней. Для параўнання: за сакавік гэты паказчык павялічыўся на 210,3 млн рублёў, а за люты вырас на 144,2 млн рублёў.
Пазыкі па крэдытах на нерухомасць на пачатак гэтага месяца склалі 14, 1938 млрд рублёў - чарговы рэкорд. Гэтая сума на 251,5 млн рублёў большая, чым месяцам раней. Нагадаем, за сакавік гэтая запазычанасць вырасла на 197,9 млн рублёў, а за люты павялічылася на 139,2 млн рублёў.
Раней Нацбанк таксама заяўляў аб інфляцыйных і дэвальвацыйных рызыках для беларускай эканомікі, якія звязаныя ў тым ліку з тым, што насельніцтва і бізнэс актыўна набіраюць крэдыты. Эксперты таксама бачаць у гэтым рызыкі для нацвалюты.