У адным з раёнаў Менска ўводзяць забарону на продаж алкаголю
29- 26.05.2024, 21:39
- 15,354
Пакуль што на месяц.
У Кастрычніцкім раёне Менска ўвядуць забарону на продаж спіртнога пакупнікам, якія прыйдуць у краму "ў стане алкагольнага ап'янення", піша агенцтва «Минск-Новости».
Паведамляецца, што на нарадзе міліцыянтаў Кастрычніцкага раёна Менска і прадстаўнікоў гандлю было агучана, што прафілактычная праца для папярэджання "п'янай злачыннасці" не прыносіць жаданага выніку. Хуліганствы, крадзяжы, рабаванні, забойствы і хатні гвалт па-ранейшаму маюць месца, і асноўная прычына - алкаголь. Таму “праваахоўнікі” пастанавілі скараціць дзель такіх парушэнняў праз “навацыю” - забарону продажу спіртнога патэнцыйным дэбашырам.
У чорны спіс уключаны ўсе, хто прыходзіць па дабаўку ў нецвярозым стане. Калі ў патэнцыйнага пакупніка няўпэўненая хада, неахайны выгляд і перагар, то яго наўрад ці абслужаць. Гэты сацыяльны экспэрымент пройдзе з 1 да 30 чэрвеня.
Пры гэтым начальнік Кастрычніцкага РУУС Аляксандр Гільдзюк адзначыў, што калі гэты экспэрымент дасць вынікі, то яго замацуюць надоўга і, магчыма, у межах усяго Менска.
На першым этапе міліцыя прапанавала ўвесці новаўвядзенні на 15 гандлёвых аб'ектах і ўсіх АЗС Кастрычніцкага раёна. Аднак папярэдзіла, што калі крымінагенная сітуацыя палепшыцца, то спіс будзе пашыраны.