Навукоўцы: Новы звышмоцны суперметал ад NASA зменіць будучыню
12- 24.05.2024, 17:38
- 13,700

Ён здольны вытрымаць вялізную тэмпературу.
Створаны навукоўцамі з NASA суперсплаў GRX-810 складаецца з нікелю, кобальту і хрому і з'яўляецца аксідна-дысперсійна-ўмацаваным сплавам. Ён здольны вытрымаць вялізную тэмпературу, а гэта дазволіць стварыць больш трывалыя і даўгавечныя кампаненты для авіяцыйнай і касмічнай галіны. Навукоўцы мяркуюць, што гэты матэрыял дапаможа стварыць новыя самалёты і касмічныя караблі, піша Earth.
Сплавы і суперсплавы - гэта матэрыялы, створаныя шляхам злучэння двух або больш металаў, або металу з іншым элементам. Такая камбінацыя паляпшае ўласцівасці асноўных металаў, робячы сплавы больш трывалымі, лягчэйшымі, і больш даўгавечнымі і ўстойлівымі да карозіі. Унікальныя характарыстыкі сплаваў робяць іх незаменнымі ў аэракасмічнай галіне.
Напрыклад, алюмініевыя сплавы выкарыстоўваюць для стварэння карпусоў самалётаў і касмічных караблёў. Бо яны лёгкія і трывалыя. Пры стварэнні рухавікоў для самалётаў і касмічных караблёў выкарыстоўваюць суперсплавы на аснове тытана і нікелю, бо яны могуць вытрымоўваць экстрэмальныя ўмовы. Такія ж сплавы выкарыстоўваюць пры стварэнні ахоўнай абалонкі касмічных караблёў, каб яны не разбурыліся пры высокай тэмпературы пры ўваходзе ў атмасферу Зямлі.
Новы суперсплаў, створаны навукоўцамі з NASA, пад назвай GRX-810, выраблены са злучэння нікелю, кобальту і хрому. Сплаў напоўнены аксіднымі часціцамі, якія дзейнічаюць як ахова, што паляпшае механічныя ўласцівасці сплаву.
Такім чынам GRX-810 можа вытрымаць тэмпературу да 1100 градусаў Цэльсія, што робіць яго ідэальным для стварэння кампанентаў ракет-носьбітаў і касмічных караблёў.
Са слоў навукоўцаў, эксперыменты паказалі, што суперсплаў у 1000 разоў больш трывалы, чым яго аналагі пры высокіх тэмпературах. Таксама ён больш гнуткі, што дазваляе яму доўга не разбурацца і заставацца вельмі трывалым.
Дзякуючы новаму метаду навукоўцы змаглі дакладна размеркаваць аксідныя часціцы па ўсім сплаве, што і прывяло да атрымання беспрэцэдэнтных характарыстык. Са слоў навукоўцаў, стварэнне новага матэрыялу з'яўляецца рэвалюцыйным прарывам у матэрыялазнаўстве. І гэта зменіць будучыню авіяцыйнай і касмічнай галіны.
Сплаў GRX-810 адкрывае новыя магчымасці для распрацоўнікаў рухавікоў. Выключныя суадносіны трываласці і вагі сплаву дазваляюць ствараць лягчэйшыя канструкцыі без шкоды для прадукцыйнасці.
Навукоўцы мяркуюць, што гэты матэрыял дапаможа стварыць новыя лягчэйшыя і менш затратныя самалёты і касмічныя караблі, якія змогуць вытрымаць самыя экстрэмальныя ўмовы навакольнага асяроддзя без страты трываласці.