У ЗША расказалі пра новыя пастаўкі ўзбраенняў Украіне
7- 10.05.2024, 10:40
- 5,440
Будуць у найбліжэйшыя тыдні.
Злучаныя Штаты плануюць абвясціць аб новых партыях вайсковай дапамогі для Украіны ў найбліжэйшыя тыдні.
Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта на брыфінгу заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамента Мэцью Мілер.
Са слоў прадстаўніка Дзярждэпа, што Вашынгтон можа зрабіць як партнёр Кіева - гэта працягваць ягоную вайсковую і эканамічную падтрымку, «і перш за ўсё зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб Украіна магла стаяць на сваіх двух нагах».
«Я магу запэўніць, што найбліжэйшыя некалькі тыдняў будзе больш аб'яў», – адзначыў Мілер.
Улічваючы гэта, прадстаўнік Дзярждэпа нагадаў аб нядаўна прынятым пакеце дадатковага фінансавання Украіны ў Кангрэсе.
Раней Мілер заявіў, што Злучаныя Штаты працуюць над падрыхтоўкай новага пакета абароннай дапамогі для Украіны ў рамках прадстаўленага Кіеву фінансавання.
Перад гэтым кіраўнік Пентагона Лойд Осцін заявіў, што пакуль рана казаць аб эфекце на полі бою ад выдадзенага Украіне фінансавання і патрэбны час, каб Кіеў змог атрымаць некаторыя з узгодненых магчымасцяў.
Нагадаем, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 24 красавіка падпісаў прыняты Кангрэсам пакет заканадаўства з амаль 61 мільярдам даляраў дапамогі Украіне і іншым супольнікамі ЗША. Адразу пасля гэтага ЗША абвясцілі аб пакеце вайсковай дапамогі Украіне коштам 1 мільярд даляраў.